Аб'ектыў 09.01.2019 Беларусы маглі б ездзіць у Куршавель, але вымушаныя плаціць па пазыках Лукашэнкі


Рост ВУП запаволіцца, а ў Беларусі існуюць асаблівыя фінансавыя рызыкі. Гэткі неаптымістычны прагноз выдаў Сусветны банк у сваім студзеньскім аглядзе з назваю «Перспектывы сусветнай эканомікі. Азмрочаныя перспектывы». Ці ўсё так змрочна, і ці нашая краіна – асаблівая?

Паводле прагнозу Сусветнага банку, сёлета валавы ўнутраны прадукт вырасце толькі на 2,7 %, у наступныя два гады – на 2,5 %. Розніца паміж гэтым прагнозам і ацэнкаю ўраду – 1–1,5 %.

«Гэта вельмі істотная велічыня. У 2018-ым у нас рост тры з нечым адсоткі. Уявіце сабе, калі прыбраць траціну ці нават палову гэтага эканамічнага росту. Шмат не застанецца», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

А таму выяўленая розніца не проста статыстычная лічба. Гэта два розныя шляхі – або рост заробкаў, або стагнацыйнае развіццё, пераконваюць эксперты.

Дадаткова Сусветны банк асцерагае Беларусь перад спыненнем або замаруджваннем структурных рэформаў. Маецца на ўвазе, змяншэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку, якое сапраўды адбываецца, хоць і не вельмі актыўна.

«Уся гэтая гісторыя, яна недзе ўжо гадоў 20 свісціць, ляціць. Яны прыязджаюць, кажуць, дайце рэформы. Мясцовыя чыноўнікі кажуць, рэформы не трэба – народ не хоча. Народ увогуле маўчыць, нічога не хоча. Толькі есці хоча. За кошт расейскай нафты», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Зрэшты, менавіта прывязанасць да расейскай нафты і абваліла айчынны ВУП у 2015-ым. Сусветная цана на чорнае золата ўпала, абрынуўся рээкспарт нафтапрадуктаў, расейскі рынак, на які арыентаваная Беларусь, – абваліўся. Нашая эканоміка дагэтуль не пераадолела таго падзення.

«Цалкам магчыма, што ў найбліжэйшыя гады мы перажывем падобны крызіс, бо ў сувязі з запавольваннем сусветнай эканомікі будзе падаць і цана на нафту. Яна ўжо зменшылася амаль удвая за апошні квартал, і калі яна будзе працягваць змяншацца, то мы ўжо сёлета можам зазнаць вострыя крызісныя праявы», – працягвае Станістлаў Івашкевіч.

Сярод нашага рэгіёну Сусветны банк адзначыў Беларусь як краіну, якая мае значную запазычанасць у чужой валюце, што таксама стварае магчымыя вышэйшыя рызыкі ў фінансавай сферы.

«У 2019 годзе, уважліва слухайце, каля 4 мільярдаў трэба будзе аддаваць. На гэтыя грошы мы маглі б спакойна ездзіць у Куршавэль, катацца, кожная дзясятая сям’я. Ну набралі, набраў прэзідэнт, набралі ягоныя каманды прафесійныя. А разлічвацца будуць беларусы», – дадае Леанід Заіка.

Агулам Сусветны банк не дае суцяшальнага прагнозу для ўсёй эканомікі нашай планеты. 2,9 % – гэтак прагназуюць рост сусветнага ВУП сёлета, а гэта значыць, што нашая краіна адстае ад агульнасусветных звестак на 0,2%. Яшчэ горш за Беларусь развівацца будзе Расея. Ёй Сусветны банк прадказаў усяго 1,5 % росту.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары