Беларусы ладзяць кампанію «Свежы вецер» супраць паглынання Беларусі Расеяй


Незалежнасць Беларусі пад пагрозай, а Лукашэнка не можа яе гарантаваць, бо менавіта ён прывёў дзяржаву ў рукі Масквы – гэта адзін з галоўных тэзісаў грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці «Свежы вецер», агучаных сёння ў сталіцы. Вядомыя беларусы патрабуюць ад Савету міністраў раскрыць падрабязнасці сакрэтных перамоваў з Крамлём пра паглыбленую інтэграцыю з Расеяй.

Беларусы маюць права ведаць, якія дамоўленасці і «дарожныя мапы» падпісвае з Крамлём урад Сяргея Румаса, – заяўляюць арганізатары грамадскай кампаніі «Свежы вецер». Сёння ў «Прэс-клубе» ініцыятары і актыўныя ўдзельнікі кампаніі распавялі, што можна зрабіць супраць павольнага паглынання нашай дзяржавы пад выглядам эканамічнай інтэграцыі. А ў тым, што працэс ідзе, ніхто не сумняваецца.

«Я апошнія гадоў 6 правёў ва Украіне, і на свае вочы бачыў, як усё адбывалася, і зараз бачу, як гэтыя алгарытмы паўтараюцца тут», – папярэджвае заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

Грамадская кампанія «Свежы вецер» ставіць сваёй галоўнай мэтай адмену дамовы між Крамлём і афіцыйным Менскам, прызначанай да падпісання на 8 снежня, і спыненне любых спробаў гандлю суверэнітэтам. Гэта не новая арганізацыя, гэта менавіта шырокая ініцыятыва для мабілізацыі грамадзянаў, каб людзі разам вымусілі ўлады агучыць дакументы, якія беларускія ўрадоўцы падпісваюць з расейцамі. Першыя вынікі ўжо ёсць: падначаленыя Лукашэнкі ведаюць пра кампанію і выкарыстоўваюць яе для гандлю з Масквой: маўляў, народ супраць. Змянілася і ўнутраная рыторыка ўрадоўцаў.

«Працягваюць нас падманваць. Яны ўжо не хаваюць перамоваў. Не кажуць, што ўсё добра, на 90 % узгоднена. Яны пачынаюць казаць, што мы палітычных пытанняў не чапаем», – тлумачыць філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Але новыя эканамічныя пагадненні з Расеяй – аб збліжэнні законаў, аб’яднанні падатковай і фінансавай сістэмаў – нясуць не меншую небяспеку.

«Ёсць прыкметы таго, што Пуцін імкнецца ўвесці тут расейскія нарматывы, і ўжо мы ад іх не пазбавімся, і давядзецца ўслед прымаць палітычныя рашэнні», – кажа Уладзімір Мацкевіч.

Ці гатовыя беларусы жыць паводле расейскіх законаў? Мы спыталі жыхароў Бабруйску:

«Беларусь мусіць Беларуссю заставацца».

«Мне ўсё роўна. Мы, канешне, у Савецкім Саюзе жылі і ўсе былі разам, а не асобна».

«Можа быць злачыннасць расейская, а гэта кепска. Хочацца жыць у спакойнай краіне».

«Пакуль нічога добрага ў Расеі я не бачу, ні ў палітычнай абстаноўцы, у эканамічнай, тым больш карупцыйныя скандалы».

Аляксандр Лукашэнка ўжо называў незалежнасць чымсьці святым. Але гэта ягоная звычайная практыка – казаць кожнаму суразмоўцу тое, што ён хоча пачуць, падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч. Сяргей Бульба, паплечнік у кампаніі, называе падзеі апошніх гадоў павольным зацягваннем пятлі на шыі беларусаў – без рэзкіх рухаў, каб не выклікаць супраціву.

«Румас даў каманду падрыхтаваць 31 дарожную карту. Што там? Нават Анісім, не тое, што звычайнаму народу, нават на дэпутацкі запыт Анісім яны адказалі, што гэта сакрэтная інфармацыя», – кажа Сяргей Бульба.

Паглынанне можа зацягнуцца яшчэ на пару гадоў, кажуць арганізатары кампаніі. Таму беларусам трэба дзеяць: перадусім далучыцца да Дэкларацыі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на інтэрнэт-платформе Канстытуцыя.бел, далучыцца да змагання за інфармацыйную прастору, ды распавесці ўсім грамадзянам пра пагрозы, якія нясе перспектыва ўваходжання ў склад Расеі.

Яраслаў Сцешык belsat.eu