Беларус – самы часты турыст у Літве. Амаль мільён нашых суграмадзянаў наведалі суседнюю краіну летась, падае тамтэйшы дэпартамент статыстыкі. Сярэдні рахунак аднаго візіту – € 345,4.
Зрабіць і без таго прыцягальную Вільню яшчэ лепшай Гарадская рада літоўскай сталіцы пастанавіла з дапамогаю падатку для турыстаў! З ліпеня кожная ноч, праведзеная ў гатэлі ці на знятай кватэры, будзе каштаваць на адзін еўра больш. Сабраныя грошы – папярэдне, больш за 2 мільёны еўраў за год – маюць ісці на развіццё турыстычнай інфраструктуры.
Гэтак званы падатак на падушку моцна закране перадусім беларусаў – калі верыць статыстыцы, амаль палова турыстаў з нашай краіны прыязджае ў Літву больш як на адзін дзень.
Пра тое, што ўвядзенне «сімвалічнай» платы амаль не адаб’ецца на прыросце турыстаў з Беларусі, які асабліва пайшоў угору летась, кажуць і адмыслоўцы.
«Уся сума, якую збяруць, своеасабліва вернецца турыстам. Бо гэтыя грошы пойдуць на далейшае развіццё гораду і для таго, каб ён быў яшчэ больш прывабны для турыстаў», – кажа дырэктарка агенцтва «Go Vilnius» Інга Раманаўскіене.
Праўда, на што канкрэтна пойдуць грошы, пакуль невядома. Задача – прыцягнуць новыя авіяспалучэнні ды ўмацаваць турыстычны менеджмент. Арыентуюцца віленскія ўлады на такія сталіцы сусветнага турызму, як Амстэрдам, Берлін ды Рым – там патрабуюць надплату ажно да сямі еўраў за дзень.
Сцяпан Святлоў; фота – Ints Kalnins/Reuters/Forum