Беларусы адзначылі новы год па-новаму


Беларусы пачалі святкаваць новы год загадзя: першыя навагоднія салюты у Менску пачаліся за паўгадзіны да новага года, які ў гэты раз адзначалі па-новаму.

«Для беларусаў новы год пачынаецца ў 23:34», – бачым у адным з навагодніх віншаванняў у сацсетках. 23.34 – гэта нумар адміністратыўнага артыкулу, паводле якога караюць беларусаў, не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Менчукі святкавалі гэтак сама, як і пратэставалі: разам з суседзямі. Імпрэзы з салютамі, гарбатаю ды прамоваю Святланы Ціханоўскай з дынамікаў ладзілі сталічныя двары.

У некаторыя двары на святкаванне прыязджалі сілавікі. Між іншага – у вядомы сваёй пратэставай актыўнасцю раён Новая Баравая.

Міліцыя, як і папярэджвала, працавала ў навагоднюю ноч ва ўзмоцненым рэжыме. Ачапілі сілавікі і афіцыйныя ялінкі па ўсім горадзе.

«Прыйшлі мы на Каменную Горку на ялінку, дрэскод на сімволіку ці што? Народ сыходзіць бо не хочуць каб іх даглядалі».

«Ялінка ва Уруччы, ахоўнікаў больш чым удзельнікаў свята. Мне падаецца, што я на ранішніку АМАПу», – дзеляцца ўражаннямі менчукі ў сацсетках.

Праз турнікет пускалі і на галоўную ялінку Менску на Кастрычніцкай плошчы. Ахвотныя прайсці стаялі ў чарзе, але людзей на плошчы было няшмат.

«З якім настроем вы праводзілі 2020-ы? Чым ён вас расчараваў ці парадаваў?», – пытаемся ў наведнікаў свята.

«Расчараваў гвалтам, тым, што забралі нашы галасы».

«20-ы лепш правесці з добрым настроем, бо гэтыя ўсе пратэсты і каронавірус таксама моцна азмрочваюць увесь год цалкам».

Падобна, бо таксама нешматлюдна, выглядалі і навагоднія ялінкі ў рэгіёнах Беларусі.

Пускаць наведнікаў на галоўную ялінку ў Бабруйску пачалі толькі за 15 хвілінаў да новага года, а да гэтага сапёры штосьці шукалі ў кустах.

«12 гадзін – каля ялінкі трэба, і чым яна большая, тым лепш».

«Настрой добры, але тут, канечне, сумнавата».

«Каб наша ўлада, што сядзіць у нашым горадзе, думала пра людзей, а не пра сябе».

«Чакаем, што гэты год будзе лепшым, чым мінулы», – кажуць жыхары Бабруйску.

Лепшага года чакаюць і жыхары сталіцы:

«Каб хваробы скончыліся, каб перамены былі да лепшага і ў сацыяльных пытаннях і ў палітычных».

«Каб Святлана Ціханоўская вярнулася, за якую галасаваў народ, і зрабіла перавыбары».

«Каб не было разладу, які быў сёлета, каб было памяркоўна, мірна і краіна пачала нейкі новы рух».

Рух жа ў сталіцы – пратэставы рух – і не заканчваўся з заканчэннем года. Першыя шэсці адбыліся ў менскіх раёнах ужо ў першыя гадзіны 2021-га.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»