Беларусы адварочваюцца ад Расеі


Беларусь – з Расеяй ці з Еўропаю? Грамадскія настроі ў нашай краіне імкліва мяняюцца… не на карысць сяброўства з усходняй суседкай. Колькі беларусаў выступаюць за саюз з Расеяй, а колькі арыентуюцца на Еўропу – кажа даследаванне Беларускай аналітычнай майстэрні.

Беларусаў, якія падтрымліваюць інтэграцыю з Расеяй, паменела за месяц на 11 адсоткавых пунктаў. У той жа час праеўрапейскія настроі пашырыліся. Пра гэта сведчыць апытанне, праведзенае Беларускай аналітычнай майстэрняй у пачатку лістапада.

За саюз з Расеяй цяпер выступаюць 40 % беларусаў, а за арыентацыю на Еўропу – 33 %.

«Канешне, Еўразвяз, бо гэта нашая будучыня, а з Расеяй, вы ж разумееце, ніякай будучыні няма. Пакуль гэтая ўлада не памяняецца там, нічога добрага не будзе».

«Мне імпануе, каб мы засталіся вольнай краінай, таму не Расея, не Еўропа».

«Мне з Расеяй, таму што мы славяне. Еўропы праз 100 гадоў не будзе, вось і ўсё».

«Як правільна сказаў Латушка, мы павінныя быць мостам, а не заборам. І з тымі, і з другімі разам. Без Расеі там таксама неразумна закрывацца, але і мы еўрапейская краіна. У нас еўрапейскі менталітэт», – кажуць жыхары Менску.

На думку сацыёлага, кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага падзенне прарасейскіх настрояў у беларускім грамадстве сталася рэакцыяй на падтрыманне Масквой Аляксандра Лукашэнкі.

«Тут дзве рэчы склаліся. Першая – гэта паўтара мільярда. А потым было дастаткова розных заяваў з боку расейскага афіцыйнага істэблішменту, які падтрымліваў бок беларускага афіцыйнага істэблішменту», – гаворыць Андрэй Вардамацкі.

Гэта можа прывесці да змены характару пратэсту і нават да напружання ў адносінах з Расеяй – мяркуе сацыёлаг.

«На працягу гэтых трох месяцаў мы не бачылі ніякіх супрацьрасейскіх плакатаў, лозунгаў, «крычалак». Калі стане бачна, што гэта трэнд, то сам характар пратэстаў зменіцца, ён будзе мець геапалітычную кампаненту», – кажа Вардамацкі.

У той жа час афіцыйны Менск, у адрозненне ад народу, адварочваецца ад Захаду. Як паведаміў міністр замежных справаў Уладзімір Макей, у адказ на санкцыі ўлады Беларусі плануюць сярод іншага пашырыць санкцыі супраць еўрапейскіх палітыкаў, перавесці экспарт з літоўскага порту ў расейскі і перагледзець супрацу ў атамнай энергетыцы, мытнай галіне, адукацыйных праграмах ды барацьбе з нелегальнай іміграцыяй.

Наколькі такія дзеянні выгадныя для Беларусі? Напрыклад, калі мы кажам пра магчымасць накіраваць нафту праз расейскія парты і расейскую чыгунку, узнікае пытанне тарыфаў – кажа палітолаг Вольга Харламава.

«Расейскі ўрад даручыў да 3 снежня разлічыць тарыфы. Беларусь, безумоўна, хоча, каб гэтыя тарыфы былі такія ж самыя, як для Беларусі перавалка праз літоўскую чыгунку і літоўскія парты. Але Расея кажа, што гэта не ёсць эканамічна абгрунтаваным», – гаворыць Вольга Харламава.

Ці рызыкне Беларусь пайсці на такія крокі?

Анастасія Русецкая, «Белсат»