Беларускія ўлады самаізаляваліся ад міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах


Цэнтральная выбарчая камісія акрэдытавала амаль 43 тысячы нацыянальных назіральнікаў. Большую частку – амаль тры чвэрці – прэзентуюць грамадскія абʼяднанні. Ад грамадзянаў акрэдытавалі сем з паловаю тысяч назіральнікаў і трохі больш за дзве тысячы – ад палітычных партыяў. А вось міжнародных назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ на гэтых выбарах не будзе.

«Запрашэнне было накіравана, і гэтага нават не хаваюць улады Беларусі, толькі пасля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то бок пасля 14 ліпеня. І гэта значыць, што місія павінна была за тры тыдні прайсці ўсе працэдуры, разгарнуць сваю дзейнасць, калі ўжо большая частка кампаніі прайшла і прайшла без удзелу міжнароднай місіі», – тлумачыць Уладзь Лабковіч з кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Аднак абавязкова прыедуць назіральнікі місіі ад СНД, у якую ўваходзяць дэпутаты нацыянальных парламентаў і якая заўжды прысутнічае на выбарах у Беларусі.

«Гэта місія, якая ставіць перад сабой палітычныя задачы. І іх метадалогія дастаткова мала вядомая. Гэта місія фактычна ніколі не агучвае матываваныя, прапрацаваныя высновы пасля кожнай кампаніі, акрамя агульных палітычных ацэнак, што ўсё было добра», – кажа Уладзь Лабковіч.

Таму гэтак важна, упэўнены Аляксей Падрэз з ініцыятывы «Сумленныя людзі», каб як мага больш беларусаў вылучаліся ў незалежныя назіральнікі. Працэс гэты не складаны: неабходна запоўніць заяву, сабраць 10 подпісаў у сваё падтрыманне ў жыхароў, якія пражываюць на тэрыторыі выбранага вамі ўчастка, і падаць заяву з подпісамі ў выбарчую камісію. Пры сабе трэба мець пашпарт. Зрабіць гэта можна да 28 ліпеня, за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання.

«У нас цяпер будуць лічбавыя спосабы падтрымаць назіральнікаў, якія дапамогуць ім, па-першае, змагацца з парушэннямі, фіксаваць іх і атрымоўваць кропкавую адрасную юрыдычную дапамогу. Па-другое, гэта магчымасць ведаць колькасць галасоў», – мяркуе Аляксей Падрэз з ініцыятывы «Сумленныя людзі».

Праваабаронцы раяць назіральнікам азнаёміцца з практычнымі парадамі наконт таго, як мусяць адбывацца выбары і з якімі парушэннямі можна сутыкнуцца. Апублікаваны яны на сайтах «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і на сайце Цэнтрвыбаркаму ў рубрыцы «Назіранне».

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»