Беларускія тэатры пераходзяць у «YouTube»


Прамая трансляцыя «Паўлінкі» ў пастаноўцы Льва Літвінава ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Менску. Спектакль, які мае статус культурнай і гістарычнай спадчыны, паказалі онлайн у межах Сусветнага дня тэатру. 27 сакавіка 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Пакуль жывыя спектаклі саступілі інтэрнэт-трансляцыям, акторы стараюцца не губляць сувязь з гледачом і шукаюць свае онлайн-фарматы: дэкламуюць вершы або чытаюць казкі для дзяцей.

Падчас здымак нашага рэпартажу актор «Свабоднага тэатру» Аляксей Сапрыкін запісаў вельмі актуальную цяпер казку «Мойдадыр» у дэкарацыях Менскводаканалу.

Штовечар на «YouTube» – новая казка ад актораў і выкладчыкаў Свабоднага тэатру – гэтак калектыў падтрымлівае бацькоў, якім няпроста ў самаізаляцыі з маленькімі дзецьмі. Да акцыі далучыўся нават брытанскі комік Стывен Фрай.

А калі дзеці заснулі – дарослыя могуць паглядзець найлепшыя пастаноўкі Свабоднага тэатру за ўсе 15 гадоў яго існавання. Трансляцыі ідуць штосуботу і нядзелю а 19:00, але запіс дасяжны цягам содняў. Цягам бліжэйшых трох месяцаў пакажуць 24 пастаноўкі. І гэта яшчэ не ўсе планы тэатру: у траўні выйдзе спектакль «Школа для дурняў» паводле культавага твору пісьменніка Сашы Сакалова – у новым каранцінным фармаце.

«Гэта спектакль, які першапачаткова ствараецца пад фармат онлайн. Гэта значыць, што акторы знаходзяцца кожны на сваім выдаленым нейкім пасце, з якога яны граюць свае ролі, акторы прысутнічаюць кожны ў сваім экране«, – кажа кіраўнік «Беларускага Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін.

Тэатр мусіць адгукацца на тое, што адбываецца. Таму акторы-горкаўцы ў сумныя для мастацтва часы запрашаюць на «Пір падчас чумы» – актуальную як ніколі п’есу Пушкіна ўсяго за некалькі тыдняў паставіў мастацкі кіраўнік Сяргей Кавальчык. Прэм’ера – ужо заўтра а 12-й гадзіне на «YouTube»-канале Драматычнага тэатру імя Горкага.

Архіўныя запісы выкладаюць шмат якія калектывы – Тэатр юнага гледача ўвесь красавік паказвае пастаноўкі, якіх даўно няма ў афішы – напрыклад, любімую гледачамі «Паліяну», якую давялося зняць з рэпертуару праз тое, што акторы-дзеці выраслі. А РТБД у Вялікдзень транслюе «Адвечную песню» Янкі Купалы.

Купалаўскі тэатр разам з відэасервісам «Voka» вёў трансляцыі спектакляў і раней, а таму першы адаптаваўся да новых умоваў. Гэтак знакамітую «Паўлінку» нядаўна паглядзелі 20 тысяч чалавек па ўсім свеце. У бліжэйшы час тэатр абяцае вярнуцца онлайн з новымі спектаклямі (цяпер вырашаюць пытанні з аўтарскімі правамі), штопраўда праз небяспеку для актораў гэта будуць ужо не жывыя трансляцыі, а архіўныя запісы.

Пры гэтым рашэння аб закрыцці тэатраў няма. Згодна з лістом Міністэрства культуры спектаклі адмянілі да 30 красавіка, але квіткі на травеньскія паказы па-ранейшаму ў продажы. Адзіны калектыў, які датэрмінова завяршыў сезон і сышоў у адпачынак да канца траўня – Магілёўскі драматычны тэатр.

«Было прынятае рашэнне перанесці наш адпачынак, на які ўся трупа традыцыйна сыходзіць у чэрвені, на травень. Уся трупа з паразуменнем паставілася. У нас такія планы, што ўсё-такі ў чэрвені мы выйдзем і адыграем сем спектакляў», – распавядае літаратурная рэдактарка Магілёўскага драматычнага тэатру Воля Семчанка.

А пакуль калектыў заклікае тэатралаў берагчы сябе і заставацца ўдома разам з любімымі спектаклямі, якія абяцае трансляваць кожныя два–тры дні.

Рэпартаж Аляксандры Дорскай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 15 красавіка