Беларускія праграмісты ўзяліся за гісторыю – і вось што атрымалася


Мабільныя аплікацыя, VR-шлемы і праграмы можна выкарыстоўваць, калі распавядаеш пра гісторыю. Аб гэтым гаварылі на Digital history meetup – форуме, дзе адмыслоўцы абмяркоўвалі, як спалучаецца гісторыя і тэхналогіі.

Гісторыя – гэта не толькі пра архівы і кнігі. Часам яна можа быць у выглядзе лічбавага фотаархіву ці 3D-мадэлявання замкаў ці VR-шлема. Як тэхналогіі дапамагаюць захоўваць гісторыю? Напрыклад, пабачыць тое, што было страчана некалькі стагоддзяў таму. Культуролаг з Берасця Віктар летась разам з аднадумцамі задумаў праект «reBrest» – мабільную аплікацыю з дапоўненай рэчаіснасцю, якая дазваляе ўбачыць знішчаныя архітэктурныя помнікі гораду.

«Віртуальная і дапоўненая рэчаіснасць дае магчымасць умоўна паставіць на месца існай прасторы аб’ект, якога цяпер, на жаль, няма», – распавядае стваральнік праекту Віктар Клімус.

Аплікацыю рыхтавалі да тысячагоддзя Берасця, але пабачылі, што ідэя актуальная і для іншых месцаў Беларусі.

«Плануем цяпер і шукаем магчымасць развіваць гэты праект як AR-платформу, то бок, платформу даданай рэчаіснасці, дзе кожны зацікаўлены беларускі архітэктурны, мемарыяльны, арт, – стрыт-арт-аб’ект можна будзе візуалізаваць, паказаць і прэзентаваць», – кажа ён.

Хочаце паглядзець, дзе Купала пісаў свае творы? Наведаць лецішча Янкі Купалы ў вёсцы Ляўкі можна праз шлем віртуальнай рэчаіснасці, які дакладна перадае, у якой абстаноўцы жыў некаторы час пісьменнік.

«Карыстальнік у шлеме віртуальнай рэчаіснасці можа прайсціся па пакоях, дзе пісьменнік ствараў свае вядомыя працы. Можа параўнаць, як выглядае ў рэчаіснасці ягонае лецішча з віртуальнай працай», – дзеліцца досведам Ганна Шалкевіч, якая курыравала праект «Янка Купала VR»

Панятак «лічбавая гісторыя» часам разглядаюць як асобную дысцыпліну, а часам – як набор пэўных захадаў. Але гісторык Аляксей Братачкін упэўнены: сумяшчэнне класічных падыходаў і сучасных тэхналогіяў дапамагае развіццю навукі:

«Мы выкарыстоўваем лічбавыя тэхналогіі для апрацоўкі вялікай колькасці дадзеных гісторыкаў, якія вывучаюць пэўны перыяд. Я маю на ўвазе тых, хто працуе ў галіне сацыяльнай гісторыі, эканамічнай гісторыі альбо нейкай іншай галіне».

Сёння на форуме «Digital History Meetup» паказалі самыя розныя праекты: аб падпольным друку ў Беларусі ад Нацыянальнай бібліятэкі, аўдыёспектакль аб гісторыі Галакосту ў Берасці «Brest Stories Guide», лічбавы фотаархіў VEHA ды іншыя. Арганізатары форуму кажуць, што будуць збіраць падобныя сустрэчы і надалей.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 15 сакавіка