Беларускія гарады рыхтуюцца да юбілею БНР


Спачатку шэсце, а ўжо потым канцэрт. У Менгарвыканкам падалі заяўку на правядзенне «Маршу годнасці і волі». Асноўныя прыхільнікі святкавання стагоддзя БНР менавіта ў фармаце шэсця – палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў ды Мікалай Статкевіч.

«Быў цудоўны шанец – атрымаць усё разам. І шэсце, і канцэрт. Вось гэтыя кулуарныя перамовы прывялі да таго, што выдаюць кавалкамі. Выдалі канцэрт, а зараз кавалкамі, ці ўжо цалкам шэсце будзем з іх выцягваць», – абураецца Статкевіч.

Папярэднюю заяўку на правядзенне шэсця Менгарвыканкам адхіліў

Таму цяпер палітыкі пастараліся прадугледзець усё, каб ва ўладаў не было фармальнай падставы ў адмове. Сярод тых, хто сёння аднёс заяўку, не было асобы, якая б раней мела адміністратыўнае правапарушэнне.

«Гэта мірнае шэсце, мы не збіраемся нічога рабіць супрацьзаконнага, мы хочам прайсці са сцягамі, з транспарантамі, з сімваламі БНР», – тлумачыць заяўнік акцыі Валянцін Троцкі.

Шэсце заяўленае па іншым маршруце, чымся той, што падавалі раней. Сустрэча прызначана на 12-ую гадзіну на плошчы Якуба Коласа, адтуль запланавана рушыць па праспекце Незалежнасці, вуліцамі Кісялёва і Багдановіча. Канец маршруту – пляцоўка каля Опернага тэатру, дзе і адбудзецца канцэрт.

«Калі дазволу не будзе, то тады мы пойдзем больш простым маршрутам. Нам ужо не будзе нагоды кругі там наматваць нейкія абходныя, па праспекце, па вуліцы Янкі Купалы і да опернага тэатру», – зазначыў Мікола Статкевіч.

Асобна адсвяткуе Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ

24-га сакавіка ў Кіеўскім скверы ў Менску з 12 да 16 гадзінаў. На гэта прадстаўнікі КХП-БНФ ужо атрымалі дазвол.

«Нашае мерапрыемства 24-га мае ўпор усё ж такі на мітынг. Мы мусім усё ж такі традыцыі прытрымлівацца, і распавесці нашым людзям, расказаць пра значнасць, што гэта значыць для нашай гісторыі, чаму мы гэта адзначаем і чаму гэта важна і для перспектывы, і для будучыні. І вядома, калі свята, то будзе частка і святочная, будзе канцэрт, будуць спевы, танцы», – падзяліўся Юры Беленькі, намеснік старшыні КХП-БНФ.

Канцэрт

Што да канцэрту, запланаванага на 25-га сакавіка каля Опернага тэатру і таксама дазволенага ўладамі, склад выступоўцаў арганізатары пакуль не агучваюць. Аднак ужо вядома, што легендарных гітоў Сяргея Міхалка ды Лявона Вольскага наведнікі не пачуюць. У артыстаў запланаваныя выступы ў іншых гарадах.

Адсвяткуюць стагоддзе БНР не толькі ў сталіцы

Заяўкі на правядзенне мерапрыемстаў 25 сакавіка падалі ў Віцебску, Магілёве, Слуцку ды Баранавічах.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum