Беларускія дэсантнікі распавялі, чаго нельга рабіць у Дзень ПДВ

Беларускія дэсантнікі адзначаюць сваё свята штогод 2 жніўня. 89 гадоў таму ў гэты дзень пад Варонежам упершыню дэсантавалі падраздзяленне парашутыстаў для выканання тактычных заданняў.

Праваабаронца з Горадні Віктар Сазонаў сёння адзначае прафесійнае свята – Дзень дэсантніка. За савецкім часам спадар Віктар служыў у элітных войсках – дэсантнай выведцы ў Чэхаславаччыне. Быў узнагароджаны ганаровымі адзнакамі ды граматаю. Службу ў ПДВ гарадзенскі праваабаронца ўзгадвае з прыемнаю настальгіяй, хоць не заўсёды яна была рамантычнай:

«У Чэхаславаччыне, асабліва ў Чэхіі – на той тэрыторыі, дзе жылі чэхі, – да дэсантнікаў, да блакітных берэтаў не асабліва добра ставіліся. Таму што памяталі Пражскую вясну, 1968 год».

89-ю гадавіну з дня стварэння паветрана-дэсантных войскаў адзначалі сёння і ў Магілёве. Праграма ўрачыстасцяў была распісаная літаральна да хвілінаў.

Усіх запрошаных гасцей – а гэта вэдэвэшнікі не толькі з Магілёва, але і ўсёй вобласці, – па месцах святкавання вазілі на адмысловым аўтобусе.

Вось што ўдзельніку туру сказалі «Белсату»:

«Гэта адзіны дзень, на які мы збіраемся незалежна ад таго, хто і дзе знаходзіцца. Усе намагаюцца прыехаць і сустрэцца».
«Гэта пачуццё гонару за тое, што я там служыў. Што стаяў у адным страі з хлопцамі, якія падставяць плячо ў неабходны момант».
«І сумны, і трагічны… Але ўсё ж болей радасны. Бо сумны – таму, што гаворка пра загінулых нашых… А іх шмат. А радасны, таму, што мы прыходзім, камунікуем…»
«Былі ў гарачых кропках. А тыя, хто не быў, таксама прайшоў добрую службу, усё ж такі праз скачок з самалёта – гэта трэба пераадолець страх. А страху хапае».

Што праўда, не ўсе дэсантнікі, якія сустрэліся сёння «Белсату», падзяляюць святочныя традыцыі.

«Самае галоўнае сёння – гэта не купацца ў фантанах. Мае сябры не купаюцца. Не пужаць людзей. Паводзіць сябе прыстойна. Бо воін-дэсантнік – гэта ў першую чаргу чалавек, які можа сябе паводзіць правільна ў неабходных сітуацыях», – кажа адзін з магілёўскіх дэсантнікаў.

Беларускія дэсантнікі адзначаюць сваё свята штогод 2 жніўня – 89 гадоў таму ў гэты дзень пад Варонежам упершыню дэсантавалі падраздзяленне парашутыстаў для выканання тактычных заданняў.

12 гадоў таму ў гэты дзень указам кіраўніка Беларусі быў створаны новы род войскаў: Сілы спецыяльных аперацыяў – які стаў у выніку пераемнікам Паветрана-дэсантных войскаў СССР і спецназу ГРУ.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама