Штовосень у нашай краіне ўспамінаюць пра ўзʼяднанне Заходняй Беларусі 1939 года. Па-рознаму глядзяць на адну і тую ж падзею гісторыкі, палітыкі. У жыцці Антона Фурса гэтая падзея адыграла лёсавызначальную ролю. А пачыналася ўсё гэтак.
«Людзі добра сустракалі гэтых, якія прыйшлі 17 верасня. Чакалі! Бо палякі таксама беларусаў уціскалі здорава», – узгадвае Антон Фурс.
«Крама адна, а ў ёй нічога няма, бацька хадзіў уначы займаў чаргу. І адзначаліся ў чарзе. Што там давалі, і колькі давалі – усё бралі, бо іначай грошы прападуць. Вось тады зразумелі – нешта не тое…», – распавядае спадар Фурс.
За немцамі неўзабаве вярнуліся камуністы. Жыццё нагадвала калейдаскоп катастрофаў.
«Прыйшлі другія саветы. А ў часы нямецкай акупацыі была такая масіўная беларусізацыя, што, мусіць, у гісторыі такой не было! Школы былі толькі беларускія, ні польскіх, ні расейскіх. А нямецкая мова была толькі прадметам. Але мы на яе мала звярталі ўвагу. Усім рупіла паспець узняць нацыянальную свядомасць беларусаў», – тлумачыць Антон Фурс.
Герой рэпартажу пасля вайны паехаў у Глыбокае – вучыцца на настаўніка. Там з іншымі навучэнцамі стварыў Саюз беларускіх патрыётаў. Беларускія хлопцы і дзяўчаты гарнуліся да нацыянальных традыцыяў. І гэта было натуральна.Саюз беларускіх патрыётаў не ставіў за мэту знішчыць савецкую ўладу. Задача была іншая – стваральная.
«У нас барацьба была за мову. Мы стварылі сваю арганізацыю з гэтай мэтай. Што мы яшчэ маглі? Мы былі бедныя зусім! Мы ноччу хадзілі капалі бульбу калгасную, каб пракарміцца», – зазначае Антон Фурс.
За адданасць сваёй радзіме савецкія ўлады арыштавалі Фурса. Саслалі ўглыб Расеі – у канцлагер.
«Мы не думалі, што выжывем», – кажа ён.
Але патрыёт выжыў. Вярнуўся дадому. І жыве беларус. А сучаснікам раіць толькі адно: берагчы родную мову. Бо верыць: пакуль жыве нашая мова – датуль жыве Беларусь.
Максім Кот, «Белсат»