Беларускі добраахвотнік на Данбасе: калі будзе магчымасць, вярнуся на вайну

Не зважаючы на каранцін, Дзень украінскага добраахвотніка ў Кіеве праходзіць шматлюдна. Сёння тут моляцца за палеглых змагароў і гавораць пра справы жывых. Ветэранкі (а між іх кожная – добраахвотніца) нагадваюць пра сваіх пабрацімаў, якіх падазраюць у забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета.

Людміла Дэм’янік (Сяброўка страла) з Украінскай добраахвотніцкай арміі пералічвае:

«Мы лічым палітвязнямі Яну Дугар, Юлію Кузьменку, Андрэя Антоненку. Гэта людзі, якія былі на вайне, а зараз незаконна пераследуюцца ўладамі, прэзідэнтам і ўтрымліваюцца ў зняволенні ўжо больш за 3 месяцы».

Украінскі прэзідэнт, віншуючы абаронцаў Украіны, кажа пра безумоўны прагрэс у справе «легалізацыі» добраахвотнікаў: цяпер усе змагары за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны атрымаюць статус удзельнікаў баявых дзеянняў. Новы закон не можа не цешыць і нашага суайчынніка. Яна Мельнікава – добраахвотніка з тактычнай групы «Беларусь» – статус УБД наблізіць да атрымання ўкраінскага пашпарта. Дома за ўдзел у вайне на Данбасе на Яна завялі крымінальную справу.

«Я добраахвотнік. Я не найміт, – падкрэслівае Ян. – Я за тое, што ваяваў тут, грошай не атрымліваў. Паводле міжнародных класіфікацыяў я камбатант. Я не найміт, і такая дзейнасць у большасці цывілізаваных краінаў свету не пераследуецца».

Ваяваць Ян не думаў і не збіраўся. Яго, як і шматлікіх іншых беларусаў, прыцягнуў Майдан. Пасля ўдзелу ў Рэвалюцыі годнасці Мельнікаў далучыўся да групы добраахвотнікаў, якія рушылі на ўсход, каб абараняць Крым. Пра сепаратыстаў, акупацыю, узброеную агрэсію ён даведаўся ўжо на навучальнай базе. Ян узгадвае:

«11 траўня, у дзень гэтак званага рэферэндуму ЛДНР, я са сваім падраздзяленнем ужо адпраўляліся, атрымлівалі зброю і накіроўваліся ў Чырвонаармейск, які сёння мае назву Пакроўск».

Да вайны Мельнікаў хацеў атрымаць адукацыю ў Варшаве, цяпер жа не збіраецца пакідаць Украіны.

«Расея – дзяржава, якая не прытрымліваецца ніякіх правоў, ніякіх дэкларацыяў, ніякіх міжнародных дамоўленасцей, не ідзе на перамовы, не гатовая вырашаць дыпламатычным шляхам, – кажа Ян. – Ейныя амбіцыі магчыма спыніць толькі адным шляхам: зброяй адказваць на зброю. Калі зноў будзе магчымасць, я зноў вярнуся на Усход».

У змаганнях на ўсходзе Украіны бралі ды бяруць удзел, па розных ацэнках, ад 2 да 5 соцень беларусаў. Па іншы бок лініі размежавання ім супрацьстаяць прыкладна столькі ж нашых суайчыннікаў.

Адэля Дубавец, «Белсат»

Глядзі таксама