Беларуская ялавічына трапіла пад забарону


Навіны аб знішчэнні або вяртанні ў Беларусь з Расеі прадуктаў з‘яўляюцца ці не штотыдзень. Толькі сёлета расейскія кантралёры знішчылі або вярнулі больш за 20 тонаў беларускага мяса, 44 тоны малака і малочных прадуктаў і нават 640 кілаграмаў марожаных цвыркуноў. А таксама 264 тоны іншых харчоў. І вось цяпер чарга ялавічыны на костцы.

«У нас перспектывы знікаюць з кожным днём. Таму нічога нечаканага. Для чыноўнікаў, для дырэктараў саўгасаў гэта ўдар ніжэй за пояс», – кажа Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Прычына чарговай забароны беларускіх харчоў з боку Расеі – жаданне ўсходняй суседкі далучыцца да Міжнароднага эпізаатычнага бюро. Адна з умоваў – абмежаванне гандлю з краінамі, якія статусу МЭБ не маюць.

«Расея сапраўды хоча атрымаць гэты статус, каб экспартаваць сваю ялавічыну, асабліва ялавічыну высокай якасці, але з другога боку верагодна, што Расея такім чынам хоча абараніць свой рынак ялавічыны ад, у тым ліку, саюзнікаў па Еўразійскім эканамічным саюзе», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»

Эксперт з Масквы лічыць, што абмежаванне гандлю з краінамі-хаўрусніцамі не паўплывае на расейскі рынак.

«Летась імпарт усяго аб’ёму вытворчасці мяса ў Расеі, напэўна, не больш як 5 адсоткаў перавысіў. Гэта азначае, што ў бліжэйшыя тры-чатыры гады цалкам будзе закрытая праблема з ялавічынаю ў краіне, і гэта, канечне, прывядзе да таго, што беларуская прадукцыя на расейскім рынку займее даволі вялікія праблемы», – распавядае Дзмітрый Балкунец, палітолаг, Масква.

А якія праблемы будзе мець айчынны аграрна-прамысловы комплекс у сувязі з новай расейскаю забаронаю?

«Эфект ад гэтай забароны для Беларусі, калі яна будзе выконвацца, – гэта сотні мільёнаў долараў. Гэта вельмі вялікія страты, гэта адзін адсоткавы пункт ад экспарту, і гэта больш, напрыклад, чым закладзена ў сёлетнім бюджэце на медычнае абслугоўванне насельніцтва», – адзначае Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Але ўлады гэткага песімізму эксперта не падзяляюць. Прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Аляксей Багданаў заявіў, што ў сувязі з забаронай прадпрыемствы пачнуць самыя апрацоўваць мяса, то бок эмбарга пойдзе нам толькі на карысць.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu