Беларуска Вольга Александр дапамагае цяжка хворым дзецям сілаю водараў


Калі не вылечыць – гэта не значыць, што нельга дапамагчы. Згодна з гэтым прынцыпам беларуска Вольга Александр ужо тры гады дапамагае цяжка хворым дзецям, выкарыстоўваючы сілу водараў. Жыве яна ў Бельгіі, а ў Беларускі дзіцячы госпіс у менскіх Бараўлянах яны прыехала з новай порцыяй дапамогі.

Адчуць сябе ў лесе ці на полі або ў далёкай краіне, калі насамрэч ты не можаш выйсці са сценаў больніцы. Беларуска Вольга Александр – адмыслоўца ў галіне альфактарнай (пабудаванай на водарах) тэрапіі ды нейрапсіхадыягностыкі – дапамагае хворым дзецям перанесціся ў думках туды, куды хочацца, дзякуючы пахам.

«Былі пажаданні паху новых красовак з прагулкай у лесе, футбольнага поля, сакрэтнай паляны ў лесе, прагулка па аблоках у шаўковай сукенцы, а самае цікавае – Кацюша нам сказала: «Хачу, каб багоўкі кружыліся над маёй галавой, а сінія матылькі садзіліся мне ў ручкі», – распавядае Вольга Александр, адмыслоўца ў галіне альфакарнай тэрапіі.

Вольга жыве ў Бруселі, з пацыентамі часта працуе праз «Скайп», але ў Беларусі бывае што некалькі месяцаў. Днямі яна перадала Беларускаму дзіцячаму госпісу дыфузар з адмыслова створаным радасным пахам. Ноты язміну і зялёнай гарбаты маскіруюць шпітальныя пахі, бадзёраць ды паляпшаюць настрой.

Але часцей Вольга працуе з індывідуальнымі запытамі. Альфактарная тэрапія пабудаваная на персанальным успрыняцці пахаў. Тады як больш вядомая ароматэрапія выкарыстоўвае хімічныя ўласцівасці пахаў.

Дабрачынны праект дапамогі дзецям пад назваю «Парфума анёла» яна пачала 3 гады таму. У ім удзельнічалі 7 парфумераў, 45 студэнтаў Вольгі ды стваральнікі пачатковых эсенцыяў. Пацыентамі былі 25 беларускіх дзетак, у тым ліку Рома – пасля перасадкі коснага мозґу ён не мог рухацца, але вельмі хацеў пабачыць свет.

«Той тыдзень, што Рома нюхаў арамат Японіі, у школе ніжэй за дзявятку ў яго не было, і нават у любімых гульнях ён перамагаў з лёгкасцю», – распавядае маці Ромы, хлопчыка, які ўдзельнічае ў праграме.

Пах трапічнага лесу з квітучымі бананавымі дрэвамі прабуджаў у Ромы апетыт, а пах Японіі – рабіў хлопчыка працавітым і засяроджаным.

«Дзяўчаты стварылі тры альфактарныя вандроўкі. Першая – у Амазонію, другая – у Афрыку, трэцяя – у Японію. Кожная з дзяўчат, што працавала над пахам, была ў гэтай краіне сама, у іх было свае ўяўленне пра гэтыя вандроўкі», – каментуе Вольга Александр.

Ёсць і іншыя эфекты, кажа дырэктарка недзяржаўнай арганізацыі «Беларускі дзіцячы госпіс» Ганна Гарчакова:

«Хворыя дзеці па-свойму рэагуюць на пахі. Пахі, якія падабаюцца нам, не падабаюцца дзецям. Ад нейкага паху ён лепш спаў, ад нейкага ў яго прабуджаецца апетыт, нейкі – проста паляпшае яго настрой».

Пра досвед, атрыманы за час працы праекту, Вольга Александр распавядае студэнтам Вышэйшай школы парфумерыі ў Парыжы: там яна вядзе курс пра тэрапеўтычнае ўздзеянне водараў, у якім сумневаў не мае.

Марына Вашкевіч, belsat.eu