Беларусаў заклікаюць размаўляць па-беларуску


(глядзіце матэрыял на 1.10 хвіліне)

2019-ты – год беларускай мовы. Прынамсі гэтак вызначыла Партыя БНФ. Апазіцыйныя актывісты называюць сродак камунікацыі найважнейшым фактарам нацыянальнай бяспекі ды заклікаюць беларусаў часцей выкарыстоўваць родную мову ў паўсядзённым жыцці.

Актывізацыя «інфармацыйных атак супраць Беларусі», авантуры з назваю «саюзная дзяржава» ды пасіўнасць афіцыйных уладаў ствараюць рэальную небяспеку для незалежнасці Беларусі. Гэтак лічаць актывісты апазіцыйнай Партыі БНФ. На Сойме, што адбыўся 12 студзеня, яны пастанавілі заклікаць беларусаў да змагання за незалежнасць. У якасці «народнай зброі» – родная мова.

«Улады ўжо разумеюць самі, што трэба нешта рабіць, але не ведаюць што. І вось нашая ініцыятыва будзе з’яўляцца своеасаблівым штуршком для беларускіх уладаў», – кажа Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ.

Сярод прапановаў БНФаўцаў – перавод заканадаўства на родную мову, пашырэнне ўжытку беларускай – у айчыннай сістэме адукацыі ды абмежаванне трансляцыі расейскіх тэлеканалаў, што распальваюць міжнацыянальную варажнечу. Аднак асноўны заклік – не да ўладаў, а да беларусаў.

«Калі беларусы пашыраць ужыванне беларускай мовы, калі бізнесоўцы пашыраць ужыванне ў рэкламе беларускай мовы, калі ў Беларусі адбудзецца пашырэнне вывучэння беларускай мовы, і адбудзецца тое, што і хочуць знайсці беларускія ўлады. Нацыянальная ідэя ў тым і ёсць, каб беларусы сталіся беларусамі», – лічыць Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ. .

Да гэткіх высноваў паволі пачынаюць прыходзіць і ва ўладнай вертыкалі.

«Ведаем свае карані, ушаноўваем традыцыі, лёгка прымаем усё новае».

І як бы парадаксальна гэта ні гучала, беларуская мова для сённяшніх уладаў сапраўды ўяўляе «нешта новае».

«Тое, што Лукашэнка нядаўна выступаў, выкарыстоўваючы беларускую мову, кажа, што, магчыма, нейкія крокі ў гэтым плане будуць рабіцца. Асабліва, калі будзе моцны ціск з Расеі. Але не думаю, што радыкальныя», – адзначае Валер Карбалевіч, палітолаг.

Да радыкальных крокаў пакуль не гатовыя і беларусы, кажа Валер Карбалевіч. Што праўда, большасць апытАных намі жыхароў Менску з задавальненнем бы сталі размаўляць па-беларуску часцей.

«Беларусы павінныя размаўляць па-беларуску. Я быў ва Украіне яшчэ да Майдану. Там і па-ўкраінску, і па-расейску размаўлялі – праблемаў не было. А мы неяк не карыстаемся – і гэта вельмі сумна, дарэчы».

«Мне зручней па-расейску размаўляць, бо большасць размаўляе па-расейску. Хоць я ўсё часцей і часцей бачу ў грамадскім транспарце людзей, што размаўляюць па-беларуску. Гэта прыемна. Але мне зручней так».

«Напэўна, калі б у нас больш перакладалі, да прыкладу, заходніх фільмаў на беларускую мову, гэта неяк бы дапамагала ў развіцці».

Паводле Партыі БНФ, адным з галоўных тэстаў на права называцца беларусамі стане перапіс насельніцтва, што мае адбыцца ў кастрычніку. Маўляў, калі падчас яго беларусы здолеюць прадэманстраваць сябе як сапраўды незалежную ды самастойную нацыю, пагроза зʼяўлення ў нашай краіне танкаў – абаронцаў «руского мира» значна паменшае.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»