Беларусаў ратуе праца ў замежжы


Правал мадэрнізацыі прадпрыемстваў, але стабільны курс беларускага рубля. Рост ВУП, але павышэнне запазычанасці. Чым запомніўся гэты год у эканамічным вымярэнні? Ды чаго чакаць налета?

2018-ты год падыходзіць да фіналу. І, пакуль жыхары Беларусі занятыя святочнымі клопатамі, для краіны востра паўстала пытанне расейскага падатковага манеўру, праз які нашая эканоміка ў наступныя 5 гадоў можа згубіць нават $ 12 млрд.

«Хутчэй за ўсё, што бакі не дамовіліся. Хоць будзем глядзець, пасля святаў мусіць запрацаваць вось гэтая працоўная група. Праўда, не зразумелы парадак дня, а што яны будуць увогуле абмяркоўваць», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Інфармацыі пра вынікі ўчорашняй сустрэчы Лукашэнкі ды Пуціна – няма.

Між тым, сярод эканамічных вынікаў года плюсы ёсць. Узгадваюць адмену ўказу Лукашэнкі № 488 аб гэтак званым «ілжэпрадпрымальніцтве», а таксама ўстойлівасць айчыннай валюты. Пры чым спрычыніліся да гэтага не толькі Нацбанк з Мінфінам.

«Курс беларускага рубля стабілізуецца ўсцяж большымі паступленнямі ад гастарбайтараў, якія прывозяць дадому шмат валюты, і гэта забяспечвае стабільны прафіцыт на валютавым рынку», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Зрэшты, удзячнасці ад дзяржавы гастарбайтары не атрымалі – кіраўніцтва краіны вымушае іх тлумачыць, што яны – не дармаеды. Сярод мінусаў адмыслоўцы згадваюць нарошчванне Беларуссю вонкавай запазычанасці, адносна слабы эканамічны рост (ВУП дагэтуль не дасягнуў узроўню 2013 года), а таксама правал мадэрнізацыі вытворчасцяў.

«Сумарныя страты трох цэментавых заводаў у параўнанні з мінулым годам выраслі ўдвая і склалі 220 мільёнаў рублёў. Задоўжанасць па крэдытах-займах – большая за 1 млрд долараў», – прызнаўся нядаўна Аляксандр Лукашэнка.

Што да далейшых прагнозаў, эксперты не абнадзейваюць.

«Сусветная эканоміка набліжаецца да перыяду стагнацыі, а, магчыма, нават і спаду. І калі для іншых краінаў гэта будзе азначаць проста запавольванне росту, ці, магчыма, стагнацыю, то для Беларусі гэта будзе азначаць вельмі цяжкі крызіс. Магчыма, найцяжэйшы крызіс за нашую незалежную гісторыю або прынамсі ў гэтым тысячагоддзі», – працягвае Станіслаў Івашкевіч.

Ці чакаць сусветнай рэцэсіі налета, ці, можа, у 2020-ым? Што да гэтага, эканамісты адзінага меркавання не маюць. Дадаткова, пагрозаю для Беларусі застаецца залішняя прывязанасць да ўсходняга суседа, які сам перажывае эканамічныя цяжкасці.

«Тое, што Лукашэнка хоць бы нейкі час дурыў Расею ў гэтым тысячагоддзі, маўляў, «нафта за пацалункі» – гэта сапраўды міф. За кожную субсідыю Лукашэнка здаваў нейкую частку суверэнітэту», – дадае Станіслаў Івашкевіч.

Аднак надзейнага эканамічнага росквіту гэтыя дзеянні не прынеслі. А ці гатовы кіраўнік краіны надалей працягваць такія саступкі ды ці ёсць куды?

Вітаўт Сіўчык/«Белсат», фота – Adam Chelstowski/FORUM