Беларусам будзе складаней узяць дробны крэдыт


Набылі моц анансаваныя Нацбанкам змены, якія абмяжуюць выдачу пазыкаў фізічным асобам.

Беларусы бяруць крэдыты на ўсё – ад школьных прыладаў да цёплай вопраткі перад першымі маразамі. Стрымаць рост спажывецкага крэдытавання маюць новыя правілы для камерцыйных банкаў, якія набылі моц акурат сёння. Ініцыятарам зменаў выступіў Нацбанк.

«Абмежаванні Нацыянальнага банку накіраваныя на дзве рэчы – утрымаць інфляцыю, якая істотна разагналася ў першым квартале сёлета, а таксама спыніць павелічэнне імпарту, бо бальшыня крэдытаў ідзе на імпарт. Але яны, вядома ж, не вырашаць праблемы канцэптуальныя. Бо нерэфармаваная беларуская эканоміка не здольная гнутка і аператыўна рэагаваць на змену ў спажывецкім попыце», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Асноўных зменаў, на якія патэнцыйным пазычальнікам варта звярнуць увагу, дзве. Першая – увядзенне паказніка даўгавой нагрузкі. Ці, іншымі словамі, суаднясенне штомесячных выплатаў за крэдыты і прыбытку пазычальніка. Паводле інструкцыі Нацбанку, яно не можа перавысіць сарака адсоткаў. Пра мінусы такога падыходу раней у нашым эфіры распавядаў аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

«Напрыклад, калі чалавек штомесяц зарабляе тры тысячы рублёў, ён можа плаціць на пагашэнне свайго крэдыту і 75 % свайго прыбытку. З іншага боку, калі недзе ў рэгіёне чалавек зарабляе трыста рублёў, ён не зможа накіроўваць і 40 % на пагашэнне крэдыту – яму не будзе на што жыць».

Другое новаўвядзенне датычыць пазыкаў на набыццё нерухомасці. Нацбанк уводзіць паказнік забяспечанасці крэдыту, які мае адлюстроўваць, цытата, «суаднясенне сумы крэдыту да кошту нерухомасці, якая прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння».

Паводле крыніцы агенцтва БелаПАН, такія захады моцна ўдараць па рынку.

«Нашыя ацэнкі паказваюць, што прыкладна 20 % сённяшніх кліентаў нам давядзецца адмовіць у выданні крэдыту пасля ўступлення ў сілу новых умоваў крэдытавання», – казаў у размове з «БелаПАН» чалец праўлення аднаго з камерцыйных банкаў.

Рабіць высновы рана, пераконвае рэдактар аднаго з найбуйнейшых беларускіх фінансавых парталаў.

«Толькі па факце можна будзе сказаць, наколькі прасеў крэдытны рынак. Цяпер даваць нейкія прагнозавыя ацэнкі дастаткова складана. Бо ўва ўсіх сітуацыях, якія б ні ўводзіліся абмежаванні, у кожным разе рынак крэдытавання не падаў вельмі моцна надоўга. Якія б ні адбываліся пературбацыі, рынак адновіцца і прыстасуецца да тых умоваў, якія на сённяшні дзень ёсць», – кажа галоўны рэдактар MYFIN.BY Аляксей Панічаў.

Хутчэй, праўда, прыстасуецца не рынак, а грамадзяне. Прыбыткі якіх значна ніжэйшыя за патрэбы.

Ініцыятыва фінансавага рэгулятара звязаная з фактычна крэдытным бумам праз перадусім зніжэнне ставак. За год агульная сума пазыкаў грамадзянаў вырасла амаль удвая. На неабходнасць прытармазіць звярнуў увагу і буйны крэдытор Беларусі – Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.

Лола Бурыева; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum