Беларусам адкрываюць мяжу з Еўропай?


Беларусь стане больш адкрытая для замежнікаў, а замежжа – больш даступнае для беларусаў. Ужо да канца года будуць падпісаныя адпаведныя дамовы як з Еўразвязам, гэтак і з Расеяй, заявілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.

Менск падпіша з Масквою міні-шэнген, абвесціў у аўторак кіраўнік дэпартаменту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Аляксей Бягун. Каб замежнік, які атрымае расейскую візу, змог бесперашкодна паехаць у Беларусь, а чалавек з беларускаю візаю – трапіць у Расею. На авіярэйсах з Беларусі скасуюць кантроль пашпартоў. Міністэрства аднак пакуль не дало адказу на самае істотнае пытанне: ці для замежнікаў адчыняць беларуска-расейскую мяжу?

«Абяцаюць, што гэтыя лятучыя пасты будуць разблакаваныя. Абяцаюць. Я б рабіў акцэнт менавіта на гэтым слове. Мы сёння бачым, як выконваюцца розныя іншыя пагадненні», – кажа Раман Якаўлеўскі, палітычны аглядальнік.

Пасты расейскіх памежнікаў, якія не прапускаюць грамадзянаў трэціх краінаў, з‘явіліся два гады таму. Неграмадзянаў Беларусі і Расеі кіруюць у аб’езд – праз міжнародныя пункты пропуску ва Украіне ды Латвіі. На беларуска-расейскай мяжы такіх пунктаў проста няма.

Ад закрыцця мяжы пацярпелі транспартавыя кампаніі. Скарацілася і плынь турыстаў, якія раней любілі падарожнічаць праз Беларусь у Расею.

«Уявіць, што да нас могуць паехаць на 7 ці 10 дзён, складана. Бо трэба праехаць вялікую адлегласць. Для нас адных гэтага рабіць не будуць», – гаворыць Галіна Патаева, дырэктарка турфірмы «Віяполь».

Прагрэс на ўсходнім кірунку ёсць, але пакуль мінімальны. Магчыма, большых поспехаў беларускія дыпламаты і праваахоўнікі даб’юцца на Захадзе?

Дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўразвязам падпішуць да канца года, заявіў прадстаўнік беларускага МУС.

«Пасля ўступлення ў моц гэтай дамовы, якое адбудзецца пасля падпісання, ратыфікацыі гэтага дакументу і абмену граматамі паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Звязам, звычайны грамадзянін Беларусі зможа, па-першае, атрымаць візу і заплаціць за яе не 60 еўраў, як сёння, а 35. Па-другое, будуць спрошчаныя працэдуры падачы дакументаў на візы», – тлумачыць Алесь Зарэмбюк, Беларускі дом у Варшаве.

Украінцы, грузіны і малдаване ўжо паўтара года ездзяць у Еўразвяз свабодна. Беларусы ж мусяць мець візу і плоцяць за яе больш за ўсіх на кантыненце. Еўракамісія не выключае, што цана Шэнгену хутка можа вырасці нават да 80-ці еўраў.

Брусель запрапанаваў Менску спрасціць візавы рэжым яшчэ 7 гадоў таму. За гэты час нашыя суайчыннікі выбіліся ў сусветныя лідары паводле колькасці атрыманых візаў.

«Інтэнсіфікацыя перамоваў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам адбывалася цягам апошніх двух гадоў. І калі цяпер зʼявілася заява такога высокапастаўленага беларускага чыноўніка, то, думаю, гэта будзе зроблена», – кажа Алесь Зарэмбюк.

20-га траўня – менавіта ў гэты дзень пачне дзеяць бязвізавы рух для гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску ў чэрвені. Урад спадзяецца, што да гэтай даты ўвойдзе ў моц дамова аб узаемным прызнанні візаў з Расеяй. Эканамічныя праблемы ўжо некалькі гадоў прымушаюць улады Беларусі адчыняць краіну для турыстаў. Як зазначаюць эксперты, нечаканаю перашкодай у гэтым зрабілася Расея. Яна ізалюецца і гасцей з Захаду бачыць не хоча.

Аляксандр Папко, belsat.eu