Беларусь – ЗША: дэманстрацыя «адлігі»


Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ордэнам Айчыны 3-й ступені ды заявіў, што ў бліжэйшыя гады незалежнасць Беларусі будуць «спрабаваць на зуб». І ордэн, і заявы супалі з важнымі дзеяннямі афіцыйнага Менску: Беларусь здымае абмежаванне на колькасць дыпламатаў, якія могуць прэзентаваць ЗША.

«Гэта вялікі крок і пачатак адлігі», – такія словы амерыканскага чыноўніка, які пажадаў застацца невядомым, цытуе амерыканскі часопіс «Foreign Policy». Выданне са спасылкай на 2 дыпламатычныя крыніцы інфармуе аб тэлефоннай размове Уладзіміра Макея і памочніка дзяржсакратара ЗША Ўэса Мітчала, падчас якой міністр замежных справаў паведаміў пра зняцце абмежавання на колькасць дыпламатаў. Калі інфармацыя пацвердзіцца, у амбасадзе ў Менску могуць працаваць не 10 амерыканцаў, як сёння, а колькі трэба. Міністэрства замежных справаў не абвергла выцек інфармацыі, але толькі пацвердзіла факт тэлефанавання і размовы пра паляпшэнне беларуска-амерыканскіх стасункаў.

«Дыпламатычны этыкет не прадугледжвае таго, што адзін з бакоў не можа распавесці пра змест гэтай размовы. А тут, хутчэй, ёсць нейкая дамоўленасць. Ці проста афіцыйны Менск какетнічае, не хоча раскрываць дэталі, каб стварыць дадатковую інтрыгу», – кажа Валер Кавалеўскі, былы дыпламат ад Беларусі ў ЗША.

Валер Кавалеўскі падкрэслівае, што зняцце абмежавання нарэшце робіць магчымым вяртанне ў Менск амерыканскага амбасадара. Гэта была галоўная тэхнічная перашкода.

Амаль усе апытаныя «Белсатам» жыхары Менску лічаць падзею станоўчай:

«Вядома, важна наладжваць міжнародныя стасункі і эканамічныя, і палітычныя, бо гэта ўплывае на жыццё насельніцтва Беларусі».

«Трэба супрацоўнічаць з усімі. Каб было выгадна найперш для Беларусі».

«Супрацоўніцтва з ЗША вельмі выгадна дзяржаве і кожнаму жыхару».

Дыпламатычнае прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі больш за 10 гадоў працуе ў абмежаваным складзе, гэтаксама як і беларуская амбасада ў Вашынгтоне. Узровень дыпламатычных кантактаў Аляксандр Лукашэнка панізіў пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць канцэрну «Белнафтахім» за жорсткія парушэнні правоў чалавека ўладамі Беларусі. На сёння гэтыя санкцыі прыпыненыя, а Лукашэнка прапаноўвае Вашынгтону палепшыць стасункі. І вось першы крок.

«На жаль, гэта адбылося не ад змены ўнутранай палітыкі ў Беларусі, а пад ціскам з Усходу, як рэакцыя на перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Крамлі, каб падражніць гэтых маскоўскіх гусей зноў», – мяркуе сустаршыня Беларускіх Хрысціянскіх Дэмакратаў Віталь Рымашэўскі.

У Маскве ранейшыя заявы Лукашэнкі пра магчымасць страты заходняга саюзніка Расеі не прымаюць да ўвагі.

«Курс на пашырэнне стратэгічнай супрацы з Менскам не падлягае сумневу, гэта замацавана, у прыватнасці, у канцэпцыі замежнай палітыкі нашай краіны», – заявіла на брыфінгу прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Як кажуць эксперты, каб істотна палепшыць стасункі з Еўразвязам і ЗША, уладам Беларусі патрэбна разабрацца з прычынамі праблемы: выконваць стандарты правоў чалавека, спыніць фальсіфікацыі на выбарах і рэфармаваць дзяржаўную сістэму. І на Захадзе працягнуць сачыць за пытаннем правоў чалавека ў Беларусі, бо такая сутнасць дэмакратычнай сістэмы.

«Калі нехта пачне заплюшчваць вочы на правы чалавека, знойдзецца вялікая колькасць апанентаў, якая скарыстаецца гэтым праколам. Таму я бы не казаў, што для грамадзянскай супольнасці, праваабарончых структураў і іншых наступаюць цёмныя часы», – каментуе Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

А большая прысутнасць у Беларусі заходніх дыпламатаў і палітыкаў якраз дапаможа зрабіць усе магчымыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці больш яўнымі, а значыць, і шкоднымі для ўладаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu