Беларусь закрывае межы


Праз 27 гадзінаў закрыюць наземныя межы на выезд. Апынуцца за мяжой беларусу стане праблематычна. Што сёння адбывалася на памежных пунктах і як людзі рэагуюць на рашэнне ўладаў?

Як выправіцца за мяжу – пытанне, якое апошнімі днямі хвалюе шмат каго з беларусаў. Апоўначы 21 снежня Беларусь закрывае наземны выезд з краіны. Колькі працягнецца абмежаванне – невядома.

Падарожныя на літоўска-беларускай мяжы кажуць:

«Людзі, якія працуюць за мяжой, напрыклад, на польскія канторы, на літоўскія канторы – усё, засталіся без працы. Як далей існаваць, я не маю паняцця».

«Планы памяняюцца ў многіх людзей, таму што фінансавы дастатак у краіне ў нас вельмі дрэнны. І не многія могуць дазволіць сабе пастаянна лётаць на самалёце. Зноў жа, будуць праблемы з білетамі, падвышэнне цэнаў «Белавіі» на гэтыя ўсе білеты – так што праблемы ў любым выпадку будуць».

«Асабіста мяне гэта не датычыць. Бо я на грузавіку. Я магу ездзіць сюды хоць кожны дзень».

Часовая забарона не датычыць кіроўцаў, якія ездзяць на цяжкавіках беларускіх фірмаў або мінаюць мяжу на фуры.

Тыя ж, хто працаўладкаваны за межамі Беларусі, маюць права толькі раз на паўгода выехаць з краіны праз наземныя пункты пропуску.

Кіроўца Віталь, які ездзіць у міжнародныя рэйсы, перажывае: давядзецца выдаткаваць немалыя грошы на авіяпералёты.

«Я выдаткоўваў на бензін нямнога да Літвы – еўра 30–40. А цяпер мне будзе каштаваць у шмат разоў даражэй, разы ў тры-чатыры, каб вярнуцца на працу ці з працы вярнуцца ў Беларусь», – кажа кіроўца-міжнароднік Віталь.

Віталь працуе ў літоўскай транспартнай фірме, якая займаецца міжнароднымі перавозамі. Намеру перарываць існы кантракт з фірмай ён не мае. Больш за тое, задумваецца над тым, каб па прыкладзе знаёмых пераехаць у Еўропу. Бо ў родным Бабруйску працы з годнай аплатай, каб утрымліваць сям’ю, няма – кажа Віталь.

«Нельга пражыць на гэты заробак. Толькі заплаціць за камуналку за кватэру і, можа, на хлеб хопіць. І ўсё. 400 рублёў у мяне жонка зарабляе. За гэтыя грошы ніяк нельга пражыць», – гаворыць Віталь.

Абмежаванні выезду з краіны ўлады тлумачаць барацьбой з распаўсюдам каронавіруса. Эксперты ж лічаць, што гэта спроба згасіць пратэсты ды прыпыніць адток працоўных. Падзяляе іхныя меркаванні і бальшыня апытаных намі менчукоў:

«Усе ж разумеюць, што смешна. Каронавірус – упускаць нельга з каронавірусных краінаў. А тут мы экспарт каронавіруса прыкрываем. Тут усё адназначна. Камусьці не дазволілі нікуды ездзіць, мы ведаем, каму, яго называць нельга, – вырашыў усім забіць «добра» – як яму».

«Напэўна, з пандэміяй звязана ўсё ж такі, ну так».

«Я мяркую, што ў першую чаргу палітычныя і эканамічныя падзеі ў нашай краіне прывялі да такога ўказу».

«Я думаю, што гэта альбо псіхалагічны ціск, альбо стрымаць людзей, якія збіраюцца з’язджаць, рэлацыравацца».

«Прычына – каб не выпускаць адсюль людзей, каторыя супраць улады, каб яны сядзелі тут, і зрабіць канцлагер».

Тым часам Міністэрства фінансаў прапанавала зрабіць праезд праз беларускую мяжу платным – 81 рубель з аўтамабіля. Грошы, паводле ўладаў, патрэбныя на барацьбу ўсё з тым жа каронавірусам.

Анастасія Русецкая Белсат