Лукашэнка закрые мяжу ад Расеі?


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім зацвердзіў Канцэпцыю запэўнівання памежнай бяспекі Беларусі на пяць наступных гадоў. Чаго чакаць ад новага дакументу, і ці будуць межы Беларусі ў бяспецы?

Дакумент падпісаны, але пакуль не вядома, што канкрэтна ён пад сабою мае. Паводле прэс-службы кіраўніка краіны, у Канцэпцыі памежнай бяспекі сфармуляваныя асноўныя нацыянальныя інтарэсы дзяржавы ў памежжы, вызначаныя мэты, задачы і прынцыпы ў эфектыўнай ахове мяжы, а таксама прыярытэтныя кірункі ўдасканалення і развіцця органаў памежнай службы на пяць гадоў.

Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў:

«Прынцыповыя навацыі звязаныя з тым, што яны дазваляюць некаторыя функцыі памежнікаў перадаваць мытным органам. І гэта дазваляе вызваліць частку рэсурсаў памежных войскаў дзеля таго, каб іх перакінуць на нейкія крытычныя кірункі мяжы».

Гэтая захада ўжо ўзгадвалася Лукашэнкам падчас ягонага візіту на памежную заставу «Дзівін» у Кобрынскім раёне. Тамсама кіраўнік краіны прапанаваў Расеі вызначыцца з аховаю мяжы, маючы на ўвазе фактычна аднабаковае ўвядзенне Расеяй памежнага кантролю на мяжы з Беларуссю.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Калі яны хочуць закрыць мяжу – калі ласка. Закрыюць мяжу – мы ў адказ таксама павінныя ўвесці кантроль на мяжы».

Апытаныя намі жыхары Менску збольшага пагаджаюцца: натуральна, не варта адгароджвацца ад суседзяў мурамі, але кантроль на той жа мяжы з Расеяй павінны быць:

«Ужо даўно час. Бо ўсім вядома, што той жа наркатрафік ідзе з Расеі».

«Хочуць – хай уводзяць, не хочуць – хай не ўводзяць. Суверэннае права Беларусі і Расеі. З Расеі ідуць наркотыкі, а ад нас ідзе кантрафактны тавар да іх».

«Я з Расеяй не вельмі хачу мець нейкія справы. Мне хацелася б быць як можна далей ад яе па апошніх падзеях і з Украінай, і ўвогуле».

Паводле экспертаў, 95% кантрафактавага алкаголю ў Беларусь трапляе з тэрыторыі Расеі. Адпаведна, штогод толькі на акцызах краіна губляе больш за 250 мільёнаў долараў. Прыкладна на такую ж суму эксперты ацэньваюць кошт для ўсталявання паўнавартаснай беларуска-расейскай мяжы.

Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў:

«Мы бачым, што ніякага кансэнсуснага рашэння аб беларуска-расейскай мяжы так і не было дасягнута падчас апошніх сустрэчаў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным… Беларусь рыхтуе пакет захадаў, каб на выпадак чаго мець магчымасць эфектыўна і за кароткі тэрмін закрыць вось гэты крытычна важны кірунак менавіта расейскі».

Але апошнія заявы Лукашэнкі датычныя іншай мяжы, з Украінаю, а дакладна – яе ўмацавання. Маўляў, з Украіны прыбывае нелегальная зброя. Што праўда, эксперты адзначаюць, што тая ж украінская зброя трапляе ў Беларусь акурат не наўпрост, а ў абыход, праз расейскую мяжу.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu