Беларусь зачыняе межы на выезд. З-за эпідэміі ці прычыны ўсё ж палітычныя?


Ужо праз 10 дзён не ўсе беларусы змогуць свабодна выехаць з краіны. Афіцыйна закрыццё наземных межаў на выезд павінна перашкодзіць распаўсюджванню каронавіруса. Нашыя эксперты бачаць у гэтым палітычныя прычыны.

«Некалькі прычынаў. Па-першае, гэта помста тым людзям, якія эмігруюць з Беларусі з-за пераследу з палітычных матываў, з-за таго, што хочуць атрымаць палітычны прытулак», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Другая прычына, якую бачыць эксперт, – эканамічная – закрыць магчымасць выезду для працаўнікоў IT-сферы і бізнесоўцаў. Трэцяя – перакрыць шлях адыходу для сілавікоў і чыноўнікаў, што вырашылі звольніцца. Адна з задач фондаў, якія дапамагаюць рэпрэсаваным беларусам, – акурат дапамога ў эміграцыі.

«Мяжа з Расеяй недэмаркаваная, і яна даволі адкрытая. Я ведаю, што людзі з’язджаюць у Расею. Думаю, што гэтым будуць карыстацца і далей. У любым выпадку, мы знойдзем нейкія магчымасці, таму што праца працягваецца, і мы сваю місію не спыняем. Дапамога людзям – гэта наш прыярытэт», – спадзяецца праваабаронца і сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Цяпер у краіне дзейнічае 10-дзённы каранцін пасля ўезду. Уведзены масачны рэжым па ўсёй Беларусі ў грамадскіх месцах, але забаўляльныя ўстановы працягваюць працу.

«У Беларусі не прынятыя дастатковыя каранцінныя меры, таму гэтае закрыццё дакладна ніяк не паўплывае станоўчым чынам на тую колькасць выпадкаў, якая цяпер ёсць», – лічыць Андрэй Стрыжак.

Выязджаць з краіны змогуць дыпламаты, кіроўцы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі. Таксама прычынаю выезду можа быць цяжкая хвароба або смерць блізкага сваяка, атрыманне медычнае дапамогі. На працу, вучобу або з відам на жыхарства ў іншай краіне можна выязджаць адзін раз на 6 месяцаў.

Большасць апытаных намі жыхароў Берасця абураная новымі зменамі:

«У любым выпадку гэта нядобра, таму што выязджаць за мяжу трэба будзе».

«Калі ані лагістыка не будзе парушаная, ані нейкія эканамічныя дачыненні з іншымі краінамі – калі ласка».

«Сумняваюся, што каронавірус. Каб менш ездзілі, менш слухалі».

«Ні да чаго добрага не прывядзе. Усё, што ў нас адбываецца ў краіне, гэта вельмі страшна».

Згодна з пастановаю, змены часовыя, але пэўнага тэрміну дзеяння няма. Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што абмежаванні захаваюцца як мінімум да лета.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.