Беларусь за чэмпіянат свету па хакеі змагацца не будзе


Пасля прэзідэнцкіх выбараў Беларусь пазбавілася ўжо трох буйных міжнародных турніраў, якія ўласна і прасілі: самі адмовіліся ад правядзення Сусветнай шахматнай Алімпіяды з фінансавых прычынаў, раптам нерацыянальным палічылі камандны турнір Суперлігі па лёгкай атлетыцы – 2021, а чэмпіянат Еўропы па фехтаванні – 2020 адмянілі праз каронавірус. Цяпер пад пагрозаю яшчэ і чэмпіянат свету па хакеі – 2021, які можа стаць немагчымым у першую чаргу з палітычных прычынаў.

Першаю Латвія катэгарычна выступіла супраць партнёрства з Беларуссю ў правядзенні 84-га чэмпіянату планеты. У выніку масавых рэпрэсіяў у краіне да гэтага часу ніводная зборная свету, акрамя Расеі, не пацвердзіла свайго прыезду ў Менск у траўні. І Лукашэнка хіба змірыўся, адзначыўшы спакойнае стаўленне да гэткай сітуацыі.

«Мы асабліва не парымся. Пройдзе – пройдзе. Не пройдзе – не пройдзе. Але падставаў для таго, каб ён не прайшоў, на міліметр нават няма. Гэта будзе сорам поўны».

Нягледзячы на тое, што візіт прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэля планаваўся яшчэ на снежань, швейцарац прыляцеў у Менск толькі сёння. Пры тым, што Міжнародная федэрацыя распачала ўнутранае расследаванне ў дачыненні старшыні беларускай федэрацыі Дзмітрыя Баскава ў выніку быццам бы ягонага ўдзелу ў затрыманні загінулага пазней Рамана Бандарэнкі. Сам Баскаў на сустрэчы Лукашэнкі з Фазэлем заўважаны не быў. Паводле нашага калегі Вячаслава Федарэнкава, гэты візіт швейцарца на перспектыву нічога не вызначае.

«У мяне такое адчуванне, што бакі толькі шукаюць выйсце. І Міжнародная федэрацыя разумее, што свята не атрымаецца ў Менску, і афіцыйны Менск адчувае, што свята не атрымаецца. І гэта будуць толькі праблемы для тых самых уладаў. Што датычыць словаў Рэнэ аб тым, што перанос чэмпіянату свету ў іншае месца – вельмі затратнае фінансава, то, канечне, летась IIHF страціла вялізарныя грошы з-за таго, што чэмпіянат быў адменены і другі сезон запар яна не пажадае гэтага рабіць. Але цяжка знайсці зараз краіну, якая б ахвотна пагадзілася паўдзельнічаць у гэтым праекце. Бо, зноў жа, ці без турыстаў, без гледачоў будзе гэты турнір, альбо з абмежаванай іх колькасцю. А для гаспадароў чэмпіянату гэта, практычна, асноўны даход. З Міжнароднай федэрацыі хакею яны не маюць практычна нічога. Абмежаваная колькасць рэкламадаўцаў не пакрые і палову выдаткаў».

З эканамічнага ж гледзішча варта памятаць, што хакей не настолькі прыбытковы, як той жа футбол. А Міжнародная федэрацыя не настолькі заможная арганізацыя, каб пазбегчы стратнасці імпрэзы. Журналіст Ігар Карней, які піша ў тым ліку і на спартовыя тэмы, таксама не верыць у тое, што гэты чэмпіянат рэальна правесці ў Менску.

«Тут проста імкненне пусціць пыл у вочы сусветнай супольнасці, паказаць, што Беларусь такая ж, як і ўсе. Хаця насамрэч апошнія падзеі паказваюць, што гэта краіна – ізгой самы натуральны. Ну нельга праводзіць такога кшталту сусветных спаборніцтваў ва ўмовах, калі больш за паўтары сотні палітвязняў, сотні людзей чакаюць судоў і дзясяткі тысячаў, можа, больш за 40 тысячаў, напэўна, прайшлі праз турмы, былі затрыманыя, асуджаныя».

Але Лукашэнка сябе ні ў чым не вініць. А ўсю адказнасць перакладае на Міжнародную федэрацыю хакею.

«Мы гатовыя правесці чэмпіянат хоць сёння. Але бачым, якія спекуляцыі ідуць навокал каля гэтай тэмы. Здолее Федэрацыя хакею міжнародная выстаяць супраць ціску – значыць мы правядзём чэмпіянат свету. Калі Федэрацыя хакею не справіцца з ціскам… Ну значыць не будзе чэмпіянату свету ў Беларусі. Усё залежыць зараз ад вас».

Латвія была б гатовая правесці турнір самастойна. Але, як заявіў генеральны сакратар Латвійскай хакейнай федэрацыі Віестурс Козіёлс, толькі пры ўмове, што краіне вылучаць дадатковае фінансаванне. Мяркуючы па ўсім, Міжнародная федэрацыя на гэта ісці не хоча.

Рашэнне аб месцы правядзенні чэмпіянатаў свету прымаюцца на паўгадавым Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакею за тры гады да пачатку спаборніцтваў. Цяперашняя сітуацыя з магчымым пераносам турніру з адной краіны ў іншую за чатыры месяцы да старту – абсалютна ўнікальная. Як яна развяжацца – мы даведаемся напрыканцы студзеня.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў