Беларусь – тэма Рады Бяспекі ААН


Рада Бяспекі ў Нью-Ёрку. Гэты орган ААН робіць пастановы, неабходныя для падтрымання міру. Экспертаў у пытанні Беларусі тут выслухоўваюць упершыню.

«Падзеі ў Беларусі могуць дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне. Канфлікт Аляксандра Лукашэнкі з уласным грамадствам набывае міжнародны характар – пакуль што ў інфармацыйнай сферы. Мы ўжо бачым два супрацьлеглыя дыскурсы. Трэба высветліць сітуацыю як мага хутчэй, пакуль прапаганда і правакацыі не прывялі да адкрытага канфлікту», – перасцерагла спецдакладніца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Фальсіфікацыя выбараў, разгон мірных маніфестацыяў, масавыя затрыманні, катаванні, адключэнні інтэрнэту, пераслед журналістаў і нават гатовасць уладаў выкарыстаць армію супраць народу ў мірны час. Пра грубыя парушэнні правоў чалавека Радзе Бяспекі распавялі прадстаўнікі праваабаронцаў, журналістаў і Святлана Ціханоўская, якая абіралася прэзидэнтам.

«Мы заклікаем ААН накіраваць у Беларусь неадкладную міжнародную маніторынгавую місію для дакументацыі сітуацыі на месцах; мы патрабуем дазволу на ўезд і свабоднае перамяшчэнне спецыяльнаму дакладніку ААН у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі; мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых палітзняволеных», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Еўразвяз рыхтуецца забараніць уезд на сваю тэрыторыю 17 беларускім чыноўнікам. Для параўнання: пасля рэпрэсіяў 2010 года Еўразвяз увёў санкцыі супраць больш як 90 асобаў. Імя Лукашэнкі ў сёлетнім чорным спісе няма – паведамляюць еўрапейскія медыі.

«Увесці санкцыі супраць чалавека, з якім збіраюцца весці дыялог, неразумна. Да таго моманту, пакуль не будзе ясна, што дыялог не пачаўся або не скончыўся, уводзіць санкцыі супраць грамадзяніна Лукашэнкі будзе нелагічнаю пастановай», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

З пазіцыяй такіх краінаў, як Нямеччына, Італія і Францыя, не згодныя больш за 100 дэпутатаў Еўрапарламенту. Яны заклікалі Брусель уключыць у санкцыйны спіс Лукашэнку. А што яшчэ можа зрабіць Еўразвяз?

«Гэта пашырэнне падтрымання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Раней праграмы, што ішлі на Беларусь, накіроўваліся ў значнай ступені на падтрыманне дзяржавы. Цяпер мы маем парадокс: з аднаго боку, мы маем санкцыі, з другога – тая структура падтрымання, якая была раней, захоўваецца на месцы», – зазначыў эксперт Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Як Еўразвяз можа дапамагчы Беларусі, абмяркоўвалі і ў Вільні. Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус сустрэўся з экс-кандыдатам на прэзідэнта Андрэем Саннікавым і чальцом Каардынацыйнай рады Паўлам Латушкам.

«Калі будзе новая Беларусь, якія будуць фінансавыя інструменты, якія новыя пагадненні будуць падпісаныя? Напрыклад, пагадненне аб свабодным гандлю ці пагадненне пра спрашчэнні ўзаемных паездак, фінансавае падтрыманне праз еўрапейскія банкаўскія ўстановы, прыцягненне інвестараў, прыцягненне новых тэхналогіяў», – пералічыў Павел Латушка.

Беларусь не збіраецца сябраваць з Еўразвязам супраць Расеі або сябраваць з Расеяй супраць Еўразвязу – падкрэсліў экс-дыпламат.

Сітуацыю ў нашай краіне абмеркавалі і ў Маскве. За пратэстамі ў Беларусі стаяць Польшча, Літва і Украіна – на сустрэчы кіраўнікоў абаронных ведамстваў СНД заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Аляксандр Папко, «Белсат»