Беларусь прызнаная найбольш небяспечнаяй краінай для журналістаў


Беларусь – самая небяспечная ў Еўропе краіна для журналістаў. Гэткую выснову зрабіла арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Яна адсочвае парушэнні свабоды слова і ціск на медыі ў свеце. Таксама даследнікі заклікалі Еўразвяз спыніць выплаты ўва ўсіх праграмах фінансавай дапамогі для афіцыйнага Менску, пакуль у Беларусі працягваюць ігнараваць правы чалавека.

З Кастрычніцкага аддзялення міліцыі Магілёва выйшаў Алесь Сабалеўскі – журналіст парталу 6TV.BY. Дапытвалі ў якасці сведкі па справе аб падпале аўтамабілю міліцыянта ў сярэдзіне кастрычніка.

«Я недалёка ад месца здарэння жыву і мяне ўжо двойчы судзілі паводле адміністратыўнага кодэксу за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах. Я там працаваў як журналіст. Напэўна я праходжу па нейкіх спісах і цяпер яны правяраюць усіх такіх людзей».

У выкліканых па справе забіралі тэлефоны і праглядалі асабістую перапіску ў Тэлеграм.

У міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» прааналізавалі стаўленне дзяржавы да свабоды слова ў апошнія 4 месяцы. Налічылі 449 выпадкаў яе парушэння. За гэты перыяд 368 журналістаў прайшлі праз арышты, і палова з іх – праз суды. Восемдзесят журналістаў зняволілі не менш як на тры дні, з іх сямёра – прыцягнулі да крымінальнай адказнасці або «паабяцалі» завесці адпаведныя справы. За кратамі большая частка – 62 асобы – зазналі жорсткае абыходжанне, гвалт, катаванні.

Трох трыманых пад вартаю фігурантак крымінальных справаў Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч і Дар’ю Чульцову праваабарончая супольнасць напярэдадні вылучыла «Журналістамі году». Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі пацвердзіў – умовы цяжкія, як ніколі, але:

«Я ведаю вельмі шмат журналістаў, якія прынцыпова ходзяць на акцыі, прынцыпова працягваюць асвятляць мерапрыемствы і заўжды падкрэсліваюць, што ў грамадстве зараз вельмі моцная запатрабаванасць у праўдзівай інфармацыі».

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева – журналісткі «Белсату». Наш тэлеканал таксама назваў іх журналістамі гэтага году.

Сёння ж раніцай у кватэры бацькоў Чульцовай правялі ператрус. Шукалі прыкметаў каардынацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Напішы журналістам