Беларусь пад увагай Захаду


Цэнтр сталіцы, запоўнены людзьмі. Перакрыты праспект Пераможцаў, вайскоўцы і ўзброены Аляксандр Лукашэнка. Учорашнія кадры сёння абмяркоўваюць далёка за межамі Беларусі.

«Пасля чарговага пратэсту спадар Лукашэнка павінен прызнаць рэальнасць таго, што адбываецца на вуліцах ягонай краіны ды ў свядомасці людзей. Таму яшчэ раз мы настойліва заклікаем яго не ўжываць гвалту і забяспечыць правы дэманстрантаў», – заявіў міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас.

АБСЕ другі раз прапанавала ўладам Беларусі пасярэдніцтва ў развязанні ўнутрыпалітычнага крызісу. А Злучаныя Штаты падкрэсліваюць, што Вашынгтон не мае ў планах умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі.

«У мяне была магчымасць пазнаёміцца са спадарыняй Ціханоўскай. Яна вельмі ўражлівы чалавек, і я разумею, чаму яна такая папулярная ў сваёй краіне. […] З боку ЗША мы асуджаем парушэнне правоў чалавека і жорсткасць, якую мы бачылі ў Беларусі пасля выбараў, і заклікаем урад Беларусі вызваліць усіх палітвязняў», – кажа першы намеснік дзяржсакратара ЗША Стывен Біган.

МЗС Украіны параіў беларускім калегам не адмаўляцца ад сяброўскіх парадаў. Да гэтага афіцыйны Менск назваў прапанову Уладзіміра Зяленскага Аляксандру Лукашэнку правесці новыя выбары, цытата, «заезджанай і непатрэбнай». У Крамлі ўстрымаліся ад каментароў наконт Лукашэнкі з аўтаматам, аднак прызналі, што ўчорашні мітынг у Беларусі меў мірны характар. Сваім бачаннем сітуацыі з «Белсатам» падзяліліся прадстаўнік расейскай апазіцыі.

«З аднаго боку, Крэмль будзе рабіць усё, каб дапамагчы Лукашэнку ўтрымацца пры ўладзе, з іншага боку – яны разумеюць, што калі пойдуць на адкрытую ваенную інтэрвенцыю ў самым цэнтры Еўропы, то гэта можа сурёзна адгукнуцца ім з пункту гледжання расейскай грамадскай думкі. Расейскае грамадства стамілася ад гэтых канфліктаў бясконцых – Сірыя, Украіна», – лічыць старшыня Фонду Барыса Нямцова Уладзімір Кара-Мурза.

Тым часам Мінабароны Беларусі паведаміла, што спыніла парушальнікаў паветранай прасторы краіны. Імі палічылі паветраныя балонікі з бел-чырвона-белымі сцягамі, запушчаныя з Літвы. З дапамогаю верталётаў балонікі знішчылі. На сайце «Военно-политическое обозрение» з’явілася відэа. Неўзабаве МЗС Літвы ўручыла Беларусі ноту пратэсту. У ёй сцвярджаецца, што беларускі верталёт перакрочыў літоўскую мяжу. Афіцыйны Менск гэта зняпраўдзіў.

Напярэдадні ж на знак салідарнасці з Беларуссю жыхары Літвы сталі ў жывы ланцуг працягласцю 32 кіламетры. «Шлях свабоды» – гэтак назвалі акцыю – прасціраўся ад Вільнюсу да мяжы з Беларуссю.

«Мы адчуваем уздым, але ў той жа час – перажываем, бо разумеем, як цяжка будзе Беларусі ды як складана будзе ўзняцца з каленяў гэтым збітым людзям ды ісці далей шляхам свабоды», – сказала былая прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Акцыі салідарнасці з Беларуссю гэтымі днямі праходзяць у дзясятку краінаў свету.

Юлія Лабанава, «Белсат»