Беларусь не заробіць на эканамічных санкцыях вакол «Паўночнай плыні – 2»


Усе тры судны кампаніі «Олсіз» пакінулі Балтыйскае мора. Паводле прэсавай службы, група караблёў будзе расфармаваная. Гэтак швейцарская кампанія адрэагавала на амерыканскія санкцыі, прынятыя ў пятніцу ўвечары.

«Alseas – практычна адзіная кампанія, якая можа будаваць такі газаправод. І ў іх нашмат болей бізнесу ў Еўропе і яшчэ болей бізнесу ў Амерыцы», – кажа Томас О‘Донэл, амерыканскі аналітык.

Калі б не санкцыі, кампанія б скончыла будаўніцтва газаправоду ўжо ў студзені. А пакуль 130 кіламетраў трубы засталіся недабудаваныя.

«Гэткія санкцыі непрымальныя, і мы, вядома ж, спадзяемся, што нават падобныя крокі не стануць перашкодай для заканчэння будаўніцтва гэтага важнага праекту», – кажа прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна.

«Газпром» мае ўласнага трубапракладніка. Аднак, паводле ацэнкі расейскага выдання «Коммерсантъ», праз санкцыі ўвядзенне газаправоду ў шыхт можа затрымацца на некалькі месяцаў. «Паўночную плынь – 2» Расея спяшалася дабудаваць да сканчэння дамовы на транзіт газу праз Украіну – 31-га снежня.

«У выпадку, калі Расея і Украіна не падпішуць кантракту на газ, гэта можна азначаць пэўнае павелічэнне паставак праз Беларусь, але не вельмі істотнае, бо Беларусь не можа замяніць асноўныя кірункі еўрапейскіх газаправодаў», – кажа эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Магутнасць газаправоду «Дружба», што ідзе праз Беларусь у разы ніжэйшыя. Апроч таго, паводле эксперта, Расея і Украіна заключаць кантракт найбліжэйшымі днямі, бо пратакол аб транзіце ўжо падпісаны.

Расея не гатовая губляць не толькі спажыўцоў газу, але і пазбаўляцца моцнага рычагу ўплыву.

«Уся гісторыя ўладарання Пуціна паказвае, што ўсе гэтыя газаправоды ён выкарыстоўвае як сродак палітычнага ціску. Але ЕЗ прыняў шэраг дакументаў, каб абмежаваць гэтыя гульні. Напрыклад, каб пазбегнуць манаполіі, газаправоды не мусяць належаць кампаніям, якія і здабываюць, і прадаюць газ», – упэўнены Томас О‘Донэл.

Гэтак адбываецца ва Украіне. Там газ ідзе праз уласны газаправод. Беларусь жа прадала «Белтрансгаз» Расеі яшчэ ў 2011 годзе.

«Таму Беларусь не зарабляе цяпер на транзіце на газ. Адзінае, што «Газпромтрансгаз Беларусь», які беларускі суб’ект, хоць яго ўласнік стоадсоткавы «Газпром», плоціць падаткі», – заўважае Станіслаў Івашкевіч.

Аднак большасць падаткаў налічваюцца за кошт нацэнкі на продаж газу Беларусі. Кантракт на транзіт газу праз нашую краіну сканчваецца таксама 31 снежня. Але, у адрозненне ад Украіны, пра падпісаныя дакументы пакуль не паведамляецца.

Наста Кахановіч belsat.eu