Аб'ектыў 21.06.2017 Беларусь набыла 12 расейскіх знішчальнікаў за $ 600 млн. Навошта?


Грошай на пенсіі ў краіне няма, а тым часам Міністэрства абароны падпісала кантракт на набыццё ў Расеі 12-ці знішчальнікаў Су-30СМ. Дэталі дамовы не раскрываюцца. Колькі гэта будзе каштаваць бюджэту Беларусі і наколькі нам патрэбная такая тэхніка?

Беларусь падчас французскага авіясалону ў Ле-Буржэ заключыла дамову з Расеяй на набыццё 12-ці цяжкіх знішчальнікаў Су-30СМ. Не сакрэт, нашыя вайскова-паветраныя сілы даўно патрабуюць абнаўлення авіяпарку, які складаецца з машынаў яшчэ савецкага перыяду. Але навошта краіне з працягласцю тэрыторыі 700 на 500 кіламетраў набываць ударныя «Сушкі» заваявання перавагі ў паветры, замест сённяшніх больш практычных франтавых знішчальнікаў Міг-29?

«Гэта не нашае жаданне, гэта Расея нам вырашыла гэта прадаць і не проста так. Гэта адказ краінам NATO», – кажа вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Кантракт ставіць цэлы шэраг пытанняў, адказаў на якія няма. Новыя СУ гэта наступальныя ўдарныя машыны. Як набыццё такіх самалётаў будзе спалучацца з нашай абарончай вайсковай дактрынай? У 2013 годзе Беларусь зняла з узбраення старэйшага брата Су-30, самалёты Су-27 (не спецыяліст нават не зможа адрозніць гэтыя дзве машыны). Тады «Сушкі» адправілі на пенсію з-за неабгрунтавана-высокіх коштаў эксплуатацыі. Ці Беларусь зноў наступае на тыя ж самыя граблі?

«Су-27» – вельмі дарагі ў эксплуатацыі самалёт, з вялікім расходам паліва. Ва ўмовах невялікай тэрыторыі Беларусі яго выкарыстанне немэтазгодна. Нават пры вучэбнай праверцы «Су-27» з базы ў Баранавічах, мы вымушаныя былі практычна 1,5 гадзіны трымаць яго ў паветры пасля выканання задання, каб ён выпрацаваў паліва. Гэта марнатраўства. Таму мы і адмовіліся ад эксплуатацыі гэтага самалёта», – заявіў камандуючы ВПС і СПА Беларусі Алег Двігалёў.

Ёсць і яшчэ адзін немалаважны аспект. Су-30 СМ, які плануе набыць Беларусь добра вядомы спецыялістам з NATO. Машыны пастаўляліся Расеяй у Малайзію, дзе іх мадэрнізавалі пад амерыканскае ўзбраенне. Ды і сама Беларусь прыклалася да продажу сакрэтаў. Летась у лістападзе над выпрабавальным палігонам вядомым пад назвай Зона 51, у амерыканскай Невадзе быў заўважаны Су-27 у беларускіх фарбах. Амерыканскія пілоты адточвалі майстэрства паветранага бою сваіх знішчальнікаў на рэальным экзэмпляры «Сухога». Можна толькі здагадвацца як і калі Менск перадаў гэтую машыну на Захад.

Дык у колькі ж абыдзецца беларускаму бюджэту набыццё 12-ці Су-30СМ?

«Разам з навучаннем персаналу, сэрвісам, узбраеннем, ракетамі да гэтых самалётаў гэта нешта каля 50 мільёнаў долараў за адзін Су-30 СМ», – кажа Аляксандр Алесін.

Адкуль Беларусь возьме 600 мільёнаў долараў на набыццё 12-ці самалётаў няясна. У бюджэце на 2017 год сродкаў на гэта не закладзена. Да таго ж ударныя самалёты Су-30 СМ гэта выразны жэст урадам Польшчы і краінаў Балтыі – мы здольныя нанесці прэвентыўныя ўдары. Ці не прыдзецца Менску ў сувязі з гэтым заплаціць падвойны кошт, яшчэ і за сапсаваныя адносіны з суседзямі?

Ігар Кулей, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары