Беларусь можа спыніць пастаўкі нафты праз порт у Клайпедзе


Беларускі бок можа спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў праз клайпедскі порт у адказ на санкцыі. Аднак эксперты лічаць, што такія меры будуць больш крытычны для самой Беларусі.

Раней Лукашэнка пагражаў спыніць увесь экспарт праз парты балтыйскіх краінаў у адказ на санкцыі. Сёння Беларуская нафтавая кампанія кажа аб прыпыненні экспарту нафтапрадуктаў праз літоўскі порт у Клайпедзе. Адгрузка ў межах заключаных раней пагадненняў будзе працягвацца.

«Я так разумею, што гэта сігнал: калі прынцыпова пазіцыя Літвы ў адносінах палітычнай сітуацыі Беларусі не зменіцца, то беларускі бок, магчыма, дае зразумець, што ён наагул адмовіцца ад паставак нафтапрадуктаў праз клайпедскі порт. Але ж гэта будзе даволі стратна менавіта для беларускага боку», – лічыць эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Порт у Клайпедзе належыць кампаніі «Klaipedos nafta», якая чакае ўзнаўлення паставак з Беларусі, але рыхтуецца да любых сцэнароў.

«Інфраструктура ў Клайпедзе найбольш выгадная для экспарту або, пры неабходнасці, імпарту нафтапрадуктаў для Беларусі. Цяпер мы працуем з кліентамі ў Беларусі на рэгулярнай аснове, у нас запланаваныя грузы на бліжэйшую будучыню. Аднак мы разумеем, што рашэнні кліентаў, хутчэй за ўсё, будуць прадыктаваныя не эканамічнай, а палітычнаю логікай, якую мы не можам кантраляваць». – разважае дырэктар продажаў «Klaipedos nafta» Міндаўгас Навікас.

Міндаўгас не спяшаецца дзяліцца канкрэтнымі лічбамі пра ўплыў беларускага рашэння на дзейнасць «Klaipedos nafta». Таццяна Манёнак кажа аб прыблізна двух мільёнах тонаў паставак штогод і лічыць, што для порту гэта будзе адчувальна, але больш крытычна – для беларускага боку.

«Галоўная задача Беларускай нафтавай кампаніі – экспарцёру нафтапрадукту – гэта эфектыўная лагістыка, гэта магчымасць знізіць страты на лагістыку. А тут страты павысяцца», – прагназуе Таццяна Манёнак.

Дэпутат сейму Літвы і прафесар эканомікі Кястуціс Главяцкас сцвярджае, што Вільня такі ўдар перажыве:

«Беларуская нафтавая кампанія, відаць, не прадоўжыла дамовы на пастаўкі. І, судзячы з паведамленняў, гэта не вельмі вялікія пастаўкі ідуць на экспарт. Паліва, дызель. Ствараецца ўражанне, што вёдрамі там прадаюць, то бок двухзначныя лічбы экспартуюцца, гэта вельмі маленькія аб’ёмы».

Праз порт у Клайпедзе праходзіў асноўны абʼём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў марскім шляхам. Раней «Белнафтахім» казаў пра перамовы з расейскімі кампаніямі адносна паставак праз парты ў Расеі абʼёмам да 6-ці мільёнаў тон штогод – гэта амаль увесь экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі марскім шляхам.

«Ідзе палітычная гульня паміж Літвой і Расеяй наконт паставак нафтапрадуктаў. У якія парты – літоўскія ці расейскія – пойдуць? Такая палітычная гульня, безумоўна. Пакуль што гэта не больш за тое, чым палітычная гульня. Нейкі торг», – лічыць эканамічны аглядальнік TUT.BY Аляксандр Заяц.

Права на экспарт сёння мае ўжо не толькі Беларуская нафтавая кампанія, але і «Белзамежгандаль», які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

«Тэхнічная гісторыя, нічога такога, нічога больш. Да таго ж там гаворка не пра ўсе нафтапрадукты, а там толькі менавіта цёмныя», – сцвярджае Аляксандр Заяц.

Таццяна Манёнак бачыць у гэтым толькі жаданне стварыць канкурэнцыю на рынку і больш эфектыўнага экспарту. Дадае, што цёмныя нафтапрадукты менш прывабныя для экспарту, таму казаць пра вялікую колькасць прыбыткаў ад «Белзамежгандлю» яшчэ цяжка.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»