Беларусь чакае застой у аўтамабільным рынку


Пустыя залы і адсутнасць кліентаў. Аўтамабільны рынак цяпер перажывае не найлепшы час. Але яшчэ ў сакавіку продажы новых машынаў білі рэкорды.

У пачатку гэтага года, перадусім у сакавіку, продажы новых аўтамабіляў усіх марак значна ўзраслі. На першых месцах – «Лада», «Рэно» і «Джылі». Апошніх прадалі сёлета на тысячу больш, чымся за такі самы перыяд летась. У сакавіку беларускі рубель дэвальваваўся да долара на 16 з паловаю адсотка, да еўра – на 18 адсоткаў. Традыцыйна падчас скачка курсу рубля ў Беларусі назіраюць рост продажаў аўтамабіляў і побытавай тэхнікі, кажуць адмыслоўцы.

«Гэты скачок вызначыў будучыню нашых продажаў, што будзе відавочна падаць. Бо попыт быў здаволены на бліжэйшыя некалькі месяцаў», – кажа старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

«Джылі Атлас» – самая папулярная машына ў сакавіку. Шмат якія банкі прапаноўваюць дасюль выгадныя крэдыты на пакупку аўтаў беларуска-кітайскага канцэрну.

«Шмат якія аўтадылеры распрадалі свае склады практычна ў большай ступені. І сёння стаяць адгрузкі, няма паставак машынаў ні з усходу, ні з захаду. Магчыма, яны ўзновяцца ў красавіку, незразумела. А завод «Джылі» працуе», – кажа Міхневіч.

У сувязі са скачком курсу кошт і на «Джылі» падняўся, бо аўтазапчасткі прывозяць з Кітаю. Ужо з першага красавіка кошт на іх павялічыўся на 6 адсоткаў. Але на фоне прагназаванага падзення попыту на замежныя аўты «Джылі» цяпер у найлепшым становішчы.

«Гэта дзяржпрадпрыемства, якое захоча скарыстацца гэтай сітуацыяй, каб запоўніць рынак як мага шырэй. Гэта наступіў дзень «Джылі», – кажа галоўны рэдактар «Автодайджест» Анатоль Шаўчэнка.

Сітуацыя з каронавірусам у Кітаі стабілізуецца і пастаўкі камплектавальных на «БелДжы» узнавіліся. Але ж пакупніцкая здольнасць насельніцтва знізілася, і няясна, ці працягнуць расці продажы аўтаў айчыннага збору. На рынку ўжываных аўтамабіляў моцнага ажыятажу апошнія месяцы не было. І цяпер тут – гэтак сама, як і ў дылерскіх цэнтрах, – цішыня. Выпадковыя пакупнікі не звязваюць свайго наведання з эканамічнаю сітуацыяй. Што да змены коштаў, то тут меркаванні разышліся.

Наведнікі аўтарынку ў Ждановічах:

«Не, усё як і было кошты. Толькі якасць: адна гнілая, другая паламаная. Вось хаджу выбіраю».

«Не вельмі так, але ўсё такі 200-300 долараў, розніца ёсць».

Рынак ужываных аўтамабіляў не моцна адрэагаваў на курс долара, бо…

«Там усе прадаюць фактычна за тыя грошы, якія беларусы заўжды лічылі галоўнымі, то бок за долары. Таму зразумела, пры пераліку, калі ёсць зніжка, то яна вельмі невялікая», – кажа галоўны рэдактар «Автодайджест» Анатоль Шаўчэнка.

Сітуацыя на аўтамабільным рынку няпэўная, адзначаюць эксперты. Пастаўкі аўтаў праз пандэмію прыпыненыя, і калі адновяцца, невядома.

Наста Кахановіч, «Белсат»