«Бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам прагі свабоды»


У розных гарадах краіны ў вокнах і на фасадах дамоў зʼяўляюцца бел-чырвона-белыя сцягі. Колішні дзяржаўны сцяг Беларусі страціў свой статус 25 гадоў таму – цяпер ён сімвал пераменаў ды салідарнасці.

Гарадзенец Алесь Смалянчук вывесіў у сваім акне бел-чырвона-белы сцяг на знак жадання пераменаў у краіне падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. І заклікаў усіх жыхароў Горадні кіравацца ягоным прыкладам.

«Варта неяк сваю пазіцыю сёння праяўляць публічна, візуальна праяўляць. Калі збіраюцца на мітынгі 10-12 тысячаў чалавек, то мы ўсе бачым адзін аднаго. А так асабліва не відаць. Варта, каб быў нейкі колер, нейкія бранзалеткі, нешта яшчэ, у тым ліку і сцягі, каб паказваць людзей, якія хочуць нейкіх пераменаў у Беларусі», – кажа доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Зʼявіліся сцягі на вокнах і фасадах дамоў і ў іншых беларускіх гарадах: Менску, Слуцку, Бабруйску.

«Цяпер прыемна, што гэтая хваля набывае такі сапраўды масавы выгляд. То бок гэта не як раней, адзінкі людзей, умоўна кажучы, маладафронтаўцы праводзяць акцыю і вывешваюць сцягі. А цяпер гэта робяць фактычна абсалютна раней апалітычныя людзі», – распавядае дырэктар крамы Symbal.by Павел Белавус.

У Беларусі адсутнічаюць афіцыйныя забароны на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга, пра што сведчыць адказ Міністэрства ўнутраных справаў на зварот «АртСядзібы». Аднак людзі нярэдка зазнаюць пераслед за нацыянальную сімволіку.

«Саджаць за яго на содні ці штосьці яшчэ – абсалютна незаконна. І таму мы бачым, што часцей за ўсё людзей, калі і штрафуюць ці адбываюцца нейкія гісторыі, то яны бываюць за непадпарадкаванне міліцыі, лаяўся нейкімі незразумелымі словамі і г. д.», – зазначае Павел.

Днямі ў Менску міліцыя самаўладна прыбрала некалькі сцягоў на падставе ананімных скаргаў. Маўляў, гэтая сімволіка абразіла чыесьці пачуцці. Пры гэтым рабілі сілавікі гэта без папярэджанняў ці просьбаў да людзей зняць сцягі добраахвотна. На месцы ж зніклых сцягоў ужо зʼявіліся новыя.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»