«Ён паўсюль». На Віцебшчыне змагаюцца з баршчэўнікам


530 тысячаў рублёў – выдаткі Віцебскай вобласці на змаганне з раслінаю, якую там ведае кожны – баршчэўнік. Яго выявілі на 70 шырокіх участках, дробных жа ачагоў – тысячы, хуткасць іх пашырэння – маланкавая. Расліну называюць экалагічнай катастрофаю Віцебшчыны.

Лес стаіць сцяною, баршчэўнік – плотам да яго. Цяпер метр увышыню, і калі не знішчаць, то на восень уздымецца да трох метраў. Зарастаюць пашы…

«Калі ўнук прыязджае, я ўважліва гляджу, каб ён не трапляў у баршчэўнік. Козачкі ядуць. Ён у такім выпадку трапляе адразу ўнутр. Апёкі толькі пад сонечнымі праменямі. А яны адразу праглынаюць», – распавядае жыхар вёскі Васюты.

Сок расліны і сапраўды ўтварае апёк пад уздзеяннем ультрафіялету. Аднак козачкам шкодзіць таксама! Даведаўшыся пра атрутнасць баршчэўніку Сасноўскага, напрыканцы стагоддзя ў Еўропе і постсавецкіх краінах перасталі вырошчваць гэтую кармавую расліну. Устойлівая культура дзічэла і распаўсюджвалася некалькі дзесяцігоддзяў.

Жыхары вёскі Васюты кажуць:

«Два разы на месяц выходжу з касою, збіваю баршчэўнік, каб ён да мяне ў гарод не лез. Калі б не збіваў – баршчэўнік бы стаяў ужо каля дому».

«Вунь ля таго пагарэлага дому труцілі. Бачыце – жаўцізна… У нас патруцілі. Але ад яго не ведаю, як пазбавіцца. Я касіў, дык згарэў увесь твар».

Сёлета 530 тысяч рублёў з абласнога бюджэту выдаткуюць на знішчэнне баршчэўніку. Менавіта Віцебскую вобласць расліна атакуе найбольш, ва Ушачскім раёне заняла ажно 1260 гектараў. На другім і трэцім месцах Віцебскі (521 га) і Гарадокскі (404 га) раёны. Агулам па вобласці атрутная расліна акупавала 30 км2, а гэта плошча чацвёртай часткі Віцебску.

«Баршчэўнік, на маю думку, ужо паўсюль. У рысе гораду, у месцах адпачынку грамадзянаў, і на дзіцячых пляцоўках. Апёкавыя аддзяленні даюць вялізныя лічбы менавіта па колькасці хімічных апёкаў баршчэўнікам», – гаворыць грамадская актывістка Ірына Траццякова.

Улады рапартуюць, што хімічным спосабам апрацавалі ўжо амаль палову зарослых тэрыторыяў. Грамадская актывістка звяртае ўвагу:

«Выкарыстоўваюць хімічныя сродкі за бюджэтныя грошы, але эфектыўнасці пакуль няма аніякай, бо існуюць пэўныя тэрміны, у якія трэба прымаць захады змагання з баршчэўнікам. Яны не выконваюцца».

Нішчыць баршчэўнік варта ранняю вясною, як толькі выйшаў з зямлі. Дапамогу трэба замаўляць.

«Муж вунь увесь у апёках. Гэтак і разбіраемся. Просім дапамогі. Тэлефануем непасрэдна на мабільны, які нам прадставілі», – абураецца жыхарка вёскі Васюты.

Хуткую дапамогу жыхарам вобласці аказваюць, але ў «нічыйных» месцах месцах баршчэўнік рыхтуецца да квітнення. Напаткаеце – не дакранайцеся. А пры апёку трэба:

– прамыць участак вадою,

– прыняць супрацьгістаміннае,

– накласці павязку,

– звярнуцца да лекара.

Дапамогуць у кожнай медустанове.

Юлія Цяльпук, belsat.eu