Аб'ектыў 22.08.2019 Бараўляны: браць выходны на працы, каб узяць талон да лекара


Узяць на працы выходны, каб трапіць да доктара ў паліклініцы. Гэта сталася прыкрай нормаю для жыхароў Бараўлянаў каля Менску. Дзясяткі чалавек у чэргах, талонаў на ўсіх не стае, таму наведнікі змушаныя прыходзіць па некалькі разоў. Падобнае становішча складваецца ў паліклініках Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Тры гадзіны ў чарзе па талончык да спецыяліста. Каб трапіць да лекара, да паліклінікі прыходзяць а 4 раніцы. Жыхарка Бараўлянаў Алена Лукашэвіч прыйшла па талончыкі да патрэбных адмыслоўцаў, каб узяць свайму дзіцяці даведку ў садок. Дзеля гэтага была змушаная прасіць на працы адгулы:

«Тыдзень адхадзіла. А 5 ранку я была ўжо далёка. У пятніцу таксама прыйшла а 5, была дзясятая. Усяго было 9 талонаў, і мне не хапіла. Прайсці медкамісію дзіцяці – я не ведаю колькі сілаў патрэбна. І дзякуй вялікі майму начальніку, які разумее становішча і адпускае, каб ішлі ды развязвалі свае пытанні».

І гэта не надзвычайны, а штодзённы стан рэчаў, гавораць наведнікі паліклінікі:

«Так, праблема. Здаецца, тут у чацвер можна ўзяць талоны на ўвесь тыдзень. І ранкам – вось зараз іду і чакаю, што чарга будзе: ці вазьму талончык, не ведаю».

«Я сама прыйшла па талончык а палове на шостую, але тут ужо было шмат людзей. Тут заўсёды шмат людзей, чэргі тут пастаянныя штодня».

«Сёння прыйшоў за дваццаць да пятай і ўжо быў другі. Ці атрымоўваецца ўзяць талончык? Так, але няшмат – 8-9 талонаў. Гэта на бясплатны прыём, а на платны – асобная чарга, і распачынаюць выдаваць а восьмай раніцы».

«Бараўляны – вялікі населены пункт, тут патрэбна больш дактароў і ўстановаў, якія б забяспечвалі патрэбы аховы здароўя. Трэба грошы ўкладваць у адукацыю і медыцыну».

Тэлефоны адміністрацыі паліклінікі маўчаць цягам усяго дня. У рэгістратуры на пытанне пра даўжэзныя чэргі адказваюць:

«У нас вельмі вялікі раён. Вельмі, вельмі вялікі раён. Таму і чэргі – усе рыхтуюцца да школ і садкоў. І талонаў не хапае, і спецыялістаў не хапае – нікога не хапае».

Паліклініка Менскага цэнтральнага раённага шпіталю, акрамя жыхароў Бараўлянаў, абслугоўвае таксама пасёлкі Лясны, Ляскоўка, Вопытны і бліжэйшыя вёскі. Але нястача памяшканняў і адмыслоўцаў-медыкаў – з’ява даўняя ды характэрная для сістэмы аховы здароўя па ўсёй краіне, адзначае наш суразмоўца.

«Чэргі – яны як былі, так і ёсць. Так яны і будуць, пакуль не будуць зробленыя нейкія грунтоўныя змены. Да прыкладу, перадаць амбулаторна-паліклінічную службу ў прыватныя рукі. Ёсць некалькі прыватных медцэнтраў, але яны праблемы не вырашаюць. На жаль, не кожны можа дазволіць сабе аплочваць медычную дапамогу сямейнага доктара, таму гэта доўгі працэс», – гаворыць лекар Уладзімер Пруднікаў.

Адмыслоўцы таксама папярэджваюць, што з набліжэннем новага навучальнага года чэргі ў паліклініках традыцыйна ўзрастуць у разы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары