Байкот БелАЭС

«Стоп Астраўцу! Беларусь не выконвае міжнародных пагадненняў!» Супраць запуску і працы Беларускай атамнай электрастанцыі прайшоў чарговы пікет у Вільні. Арганізавалі акцыю прадстаўнікі беларускае дыяспары ў Літве.

«Нашая супольнасць пачала працу над тым, якім чынам беларусы замежжы могуць паўплываць на сітуацыю з Беларуссю, мы будзем рыхтаваць зварот, збіраць подпісы, накіруем іх пастараемся атрымаць афіцыйны адказ ад МАГАТЭ».

«Мне, калі шчыра, страшна, што ў маёй краіне пабудуюць штосьці ў той час, як яны амаль яго ўранілі».

«Выжыўшы з розуму стары дзед у Беларусі робіць апошнія свае кропкі, тым, што робіць бруд на мяжы Беларусі і Літвы».

Першы рэактар Астравецкай АЭС ужо падлучылі да энергасеткі. Працы над другім маюць завершыцца ў 2022-ім годзе. Улады Беларусі спадзяваліся зарабляць на продажы электраэнергіі ў краіны Балтыі і далей у Еўропу. Аднак Літва пачала блакаваць такія захады, бо палічыла праект небяспечным. Будаўніцтва паўстала за 50 кіламетраў ад літоўскае сталіцы, што супярэчыць нормам МАГАТЭ.

«Гэта адзін з галоўных прыярытэтаў новай кааліцыі. Першы, вядома, каронавірус, другі – эканоміка і бюджэт, трэці – абсалютная блакада Астраўца па Еўрапейскім маштабе і гэта азначае, што Літва чатыры гады будзе толькі над гэтым працаваць», – кажа дэпутат Сейму Літвы Жыгімонтас Павілёніс.

Новая кааліцыя Літвы – гэта аб‘яднанне кансерватыўна-ліберальных партыяў, што займелі большасць у парламенце пасля нядаўніх выбараў. Да пытання Астравецкай АЭС вылучэнка на пасаду прэм‘ера Інгрыда Шыманіце паставілася з большай увагаю за папярэдніка. Палітык раскрытыкавала трохбаковую методыку гандлю электраэнергіяй, што пакідае доступ электраэнергіі з Астраўца праз Расею.

«Учора мы заўважылі, што… 400 мегават пайшлі з Расеі ў Латвію, і як мы разумеем, мноства мегаватаў пайшлі з беларускай АЭС і яны былі прададзеныя на Балтыйскім рынку. Гэта нас вельмі ўсхвалявала, бо гэта пайшло супраць усяго, супраць нашых законаў, супраць заяваў Латышскага прэм’ера», – кажа дэпутат Сейму Літвы Жыгімонтас Павілёніс.

Гэтак Літва ініцыявала перагляд параграфу пра Астравецкую АЭС у рэзалюцыі Еўрапарламенту адносна Беларусі. Гаворка пра тое, каб дамагчыся адзінай пазіцыі ў блакаванні нашай электраэнергіі ў Еўразвязе.
На ўсе перасцярогі, што электраэнергія з Астраўца застанецца без пакупнікоў, Лукашэнка даў свой адказ.

«Электраэнергіі будзе дастаткова. Нашыя пратэстуны плачуць, што яе няма куды падзець. Слухайце, як няма куды падзець электраэнергію? Нам трэба яшчэ адну такую станцыю пабудаваць, каб сысці ад залежнасці па вуглевадародах», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

З пазіцыяй, аднак, не пагаджаецца палітолаг Сяргей Нікалюк. Пры разліку праекту Астравецкай АЭС закладаліся іншыя эканамічныя ўмовы: газ коштам 450 долараў за тысячу кубаметраў замест 130-ці, якія маем цяпер. Гэтак, выраблены з атаму энерганосьбіт аказаўся даражэйшым за прыродны. З улікам жа выплатаў кошту будоўлі за расейскі крэдыт паўстае пытанне: ці акупіцца Астравецкая АЭС Беларусі?

«Чым выкліканая заява пра будаўніцтва яшчэ адной электрастанцыі, сказаць складана. А яшчэ: што значыць «электрастанцыя заменіць нам нафту і газ»? Асноўную нафту, якую мы закупляем, перапрацоўваем у выглядзе нафтапрадуктаў, перадаем на Захад. Наш такі бізнес. Што праўда, з кожным годам з розных аб’ектыўных прычынаў ён скарачаецца»: – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Між тым ужо заўтра – у дзень Кастрычніцкае рэвалюцыі – афіцыйна адкрыюць Астравецкую АЭС.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама