Байкот ад спажыўцоў: беларусы ігнаруюць пэўных вытворцаў


Наколькі гэта складана – абіраць прадукты разам з мабільным прыкладаннем? І як гэта можа адбіцца на фінансавым становішчы саміх прадпрыемстваў? Глядзіце ў нашым сюжэце.

Пасля выбараў беларусы пачалі ігнараваць у крамах прадукцыю пэўных вытворцаў. Жыхарка Менску Кацярына ўсталявала сабе ў смартфоне праграму «Крама» як толькі пра яе даведалася, каб хутчэй арыентавацца сярод тавараў. Перш як набыць нешта патрэбнае, яна наводзіць сканер прылады на штрыхкод. Варыянтаў адказу можа быць тры – «смела бярыце», «вытворца падазроны» і «лепшы ня купляць». У базу «Крамы» трапілі вытворцы, набліжаныя ды Аляксандра Лукашэнкі, – як Аляксандр Машэнскі ды ягоныя «Савушкін прадукт» або «Санта Брэмар». А таксама тыя, хто прымушаў сваіх работнікаў датэрмінова галасаваць на выбарах.

«Даволі проста аказалася замяніць, – кажа дызайнерка Кацярына Палідавец. – Побач Камароўскі рынак, калі гэта рыбная прадукцыя, то даволі проста можна купіць і ў гандлёвых сетках, тыпу «уседзяў». Калі гэта малочная прадукцыя, то яе таксама даволі шмат».

Аўтаматычна ў чырвоны спіс трапілі вытворцы тытуню і алкаголю. Акцызы ад іх продажу – гэта буяная крыніца папаўнення бюджэту.

«Ёсць яшчэ не прыкладанне, а сайт, дзе сабраныя ўсе салоны прыгажосці, крамы, крамы мэблі, усё-ўсё, што прадаецца ў нас у рэспубліцы, і гэта таксама такі санкцыйных спіс», – распавядае Кацярына.

Ёсць і іншыя спосабы не падтрымліваць улады за фальсіфікацыю вынікаў выбараў І ўчыненне рэпрэсіяў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў. Напрыклад, здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў, затрымліваць аплату плацяжоў.

«Стаўлюся пазітыўна, імкнуся ўдзельнічаць, але вось у мяне ёсць звычка паліць і пакуль не хапае душэўных сіл», – кажа жыхар Менску Сяргей.

«Нельга зрабіць так, каб усе адначасова спынілі нешта купляць. Гэта значыць можна трошкі насаліць камусьці, але гэта будзе зусім ледзь-ледзь. Нешта, здаецца, трэба іншае прыдумляць », – лічыць мянчук Аляксей.

«Чула. Пра камуналку не ведаю, напэўна сумленне не дазваляе, а не хадзіць у пэўныя ўстановы – цалкам », – разважае Аліна.

Наколькі ж ідэя байкоту папулярная?

«Гэтыя ідэі толькі набіраюць абарот і пакуль што масавасць можа і не такая вялікая, таму «Савушкін прадукт» ці іншыя не так моцна гэта адчуваюць. Але думаю, што ў бліжэйшы час мы можам убачыць рэальны эфект ад змены паводзін людзей », – разважае старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру BEROC Леў Львоўскі.

Эксперт адзначае, што ўласная рэпутацыя беларускія кампаніі хвалюе мала. Затое аб ёй паклапаціліся замежныя фірмы, якія працуюць у Беларусі.

«Нарвежскія кампаніі цікавіць як «Белкалій» ставіцца да страйку сваіх працоўных, мы бачым як «Мэрсэдэс» цікавіць, што адбываецца ў Беларусі і «Мэрсэдэс» здымае сваю рэкламу з беларускага тэлебачання, таму што, верагодна, гэта хвалюе пакупнікоў кампаніі», – разважае эксперт.

Пасля анексіі Расеяй Крыму, ва Украіне і ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў пакупнікі пачалі байкатаваць расейскія тавары. І гэта чарговы раз пацвярджае, што вытворцу мала дбаць толькі пра якасць прадукту.

Алёна Пазняк Belsat.eu