Аб'ектыў 17.12.2018 «Багі і каноплі»: модны паказ ад «Legalize Belarus»


Выявы Багародзіцы, Ярылы, Перуна, Мокашы, Дажбога з каноплямі: грамадзянская кампанія «Лігалайз Беларусь» прэзентавала калекцыю саколак з арыгінальнымі малюнкамі «Багі і каноплі». А правакацыя гэта ці метад змагання, разбярэмся зараз.

Прэзентацыю актывісты падрыхтавалі хутка, але ж знянацку паўстала зусім іншае пытанне: дзе яе правесці. Цягам не аднаго тыдня вяліся марныя перамовы з некалькімі пляцоўкамі.

«Нават не ўпэўнены, што гэтыя перашкоды ішлі з боку ўладаў, бо ў беларускім грамадстве дастаткова высокі ўзровень самацэнзуры. І тыя прасторы, дзве прасторы, якія нам адмовілі ў правядзенні гэтага мерапрыемства, я схільны верыць, што яны самі вырашылі яго адмяніць», – кажа Пётр Маркелаў, каардынатар камунікацыі «Legalize Belarus».

У выніку прыняць актывістаў ды іхныя цішоткі асмеліўся толькі сталічны прэс-клуб. Самую імпрэзу распачаў эканаміст і экс-кандыдат на прэзідэнта Яраслаў Раманчук. Ён распавядаў уласна пра эканамічную выгаду ад канопельнай прадукцыі. А прэзентацыю калекцыі саколак скончыў адмысловы фуршэт са стравамі з канаплянай мукі.

«Гэтая калекцыя была створана ў першую чаргу для таго, каб людзі пасіўна маглі падтрымаць «Лігалайз Беларусь», бо шмат якім людзям падабаюцца нашыя ідэі, яны не маюць часу, але, напрыклад, яны могуць ахвяраваць грошы на дзейнасць нашай арганізацыі», – гаворыць Стась Шашок, юрыст «Legalize Belarus».

Галоўная мэта гэтай дзейнасці – дэкрыміналізацыя канопляў. Сёння ў Беларусі паводле артыкулу 328 за кратамі сядзяць каля 12 тысячаў чалавек. Атрымаць турэмны тэрмін нават да 29 гадоў турмы можна не толькі за распаўсюд, але і за спажыванне або проста захоўванне наркатычных рэчываў. Абвінавачанне часцяком перакваліфікоўваюць ужо пасля затрымання. Менавіта супраць такой практыкі ўлетку пратэставалі гэтак званыя Маці-328. Жанчыны спрабавалі адстаяць сваіх асуджаных дзяцей.

«Нашае заканадаўства самае жорсткае ў Еўропе. Ні ў якой еўрапейскай краіне вас не пасядзяць за краты на 8 гадоў, на 5 гадоў за пыл канопляў у кішэні. У Беларусі няма дэкрыміналізацыі таго, што нават ёсць у Расеі, Украіне, у іншых постсавецкіх краінах», – тлумачыць Пётр Маркелаў, каардынатар камунікацыі «Legalize Belarus».

Калекцыя была прэзентаваная толькі ўчора, але яе ўжо напраўду можна назваць скандальнаю. Улічваючы нашыя законы, не кожны наважыцца на такія правакацыйныя малюнкі. Хоць самі актывісты не лічаць гэта абразаю, а, хутчэй, папулярызацыяй як канопляў, гэтак і хрысціянства з паганствам.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары