Бабруйская крэпасць чакае рэканструкцыі ўжо 13 гадоў


Парахавое сховішча Бабруйскай крэпасці. Уласнае фота карыстальніка «Вікіпедыі» Iskan156

Мінае чарговы цёплы сезон, спрыяльны для аднаўленчых працаў у Бабруйскай крэпасці. Каштоўнасць нацыянальнага значэння разбураецца з 2006 году, пасля перадачы яе вайскоўцамі на баланс гораду. У гарвыканкаме запэўніваюць, што чарга на аднаўленне прыйдзе.

Чарнавы варыянт мапы Бабруйскай крэпасці і ваколіц рабіўся на мяжы стагоддзяў. Найстарэйшы тут будынак – Езуіцкі касцёл 1747-га года. Напярэдадні ён гарэў.

«Мы пабачылі, што адтуль ідзе дым і хуценька затэлефанавалі ў МНС, дзе малады жаночы голас нам сказаў: «Мы ўчора тушылі звалку на вуліцы Опермана». Я кажу: спадарыня, гэта не звалка, разумееце? Там стаіць ахоўны знак», – распавядае экскурсавод Людміла Дабравольская з Цэнтру пазашкольнай адукацыі.

Дабравольская захапляецца гісторыяй роднага Бабруйску, якая, па сутнасці, сканцэнтраваная вакол крэпасці 1810 году. Тэрыторыя 120 гектараў, гістарычных фактаў – на асобны падручнік, таму экскурсія займае прынамсі два дні.

«Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, якая абараняла наш горад, нашую зямлю ў далёкія часы – і за часамі Напалеона, і за часамі карычневай чумы. Асабіста мне падаецца што гэта быў бы дастаткова цікавы турыстычны аб’ект. Таму, як гістарычную спадчыну, яго належыць аднаўляць», – кажа сустрэты намі на вуліцы жыхар гораду.

У свае часы тут была турма для дзекабрыстаў, потым – удзельнікаў паўстання Каліноўскага. Пасля Другой сусветнай – канцлагер. Пазней тэрыторыю займалі вайскоўцы. Пасля таго, як у 2006 годзе тэрыторыю аддалі гораду, пачалося занядбанне крэпасці.

«Я разумею што складана палепшыць і знайсці тыя магчымасці, але ў Даўгаўпілсе паводле падобнага праекту ёсць крэпасць. Можа неяк пераняць іхны досвед і зрабіць у нас не горш?», – кажа бабруйская журналістка Юлія Багдановіч.

Рэканструкцыя ў Латвіі трывала восем гадоў, каштавала € 15 млрд, якія выдзеліла група еўрапейскіх фондаў. Але спачатку будынкі крэпасці перадалі ў прыватныя рукі.

Глядзіце відэасюжэт у поўным выданні навінаў за 5 верасня

Даўгаўпілская крэпасць атрымала прыз Рады Еўропы, як адзінае фартыфікацыйнае збудаванне ва Ўсходняй Еўропе, захаванае ў нязменным выглядзе.

Ці мае Бабруйская гісторыя падобны шанец?

«Тое, што можна было зрабіць для кансервацыі, зрабілі. Зараз мы разглядаем пытанне аб фармаванні дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў межах праекту, а таксама ўключыцца ў інвест-праграму», – кажа начальнік Аддзелу культуры Бабруйскага гарвыканкаму Вадзім Шчэрбіч.

Юлія Цяльпук, «Белсат»