Аштрафаваны: пратакол стандартны, ува ўсіх напісана тое самае


У выходныя хваля затрыманняў, сёння – хваля судоў. Толькі цягам учорашніх акцыяў па ўсёй Беларусі, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі не менш як 180 чалавек.

«Судзілі па скайпу. Суддзю я бачыў на экране. Пратакол стандартны, ува ўсіх напісана тое самае. 39 тыя ж сведкі, усё аднатыпова» – распавядае Аляксандр Мірончанка, аштрафаваны на 270 рублёў.

«Пра якую правамернасць можа весціся. Выйшаў проста выказаць сваю пазіцыю. Гэта маё канстытуцыйнае права. Забралі, пасадзілі на содні ў камеру і прысудзілі штраф. Беззаконне», – лічыць аштрафаваны на 540 рублёў Сяргей.

На 675 рублёў аштрафавалі рэаніматолага Ігара Таболіча, абвінаваціўшы ў супраціве міліцыі. У суботу ў раёне плошчы Перамогі яго затрымалі невядомыя ў масках.

«Мы толькі падышлі, стаялі за тры метры ад ланцуга. Падышлі двое мужчын у форме, сказалі пройдзем з намі. Ігар не супраціўляўся, прайшоў з імі, прыехала маршрутка без нумароў», – узгадвае нявеста Ігара Алена Несцер.

«У мяне шмат пытанняў да працаўніка міліцыі які даваў паказанні на судзе як ён мяне затрымліваў. Нягледзячы на тое што ёсць відэадоказ, што я абсалютна спакойна пайшоў у аўтобус. Мне цікава даведацца ў таварыша афіцэра – дзе ягоны гонар, ці ён ужо ніжэй за плінтус? Няхай паглядзіць пад ногі і знойдзе яго. Бо мне асабіста было б сорамна», – кажа Ігар Таболіч.

Праваабаронца Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што людзі, якія выходзяць на вуліцу, рэалізуюць сваё права на мірныя сходы. Такім чынам грамадзяне выказваюць уласнае меркаванне, найчасцей непрыемнае для ўладаў.

«Улады павінны пачуць людзей – зразумець, што ім не падабаецца, і разам працаваць над выпраўленнем сітуацыі. Такога мы, на жаль, не бачым у Беларусі, усе спробы людзей рэалізоўваць свае правы ўладамі спыняюцца, і частка людзей рэальна жорстка пакутуе ад гэтага», – кажа Наталля Сацункевіч.

Праваабаронцы збіраюць факты катаванняў, здзекаў, жорсткіх затрыманняў, але да гэтага часу не зафіксавалі ніводнага выпадку, калі б за незаконныя дзеянні супраць сілавікоў распачалі крымінальную справу. Не мае такой інфармацыі і афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту.

«Гэта рэальна тысячы чалавек па ўсёй Беларусі пацярпелыя. Улады адмаўляюцца эфектыўна расследаваць гэтыя выпадкі, аказваць дапамогу людзям, гэта велічэзная праблема, бо тое, што адбылося, – гэта проста акт масавага сістэмнага парушэння правоў чалавека ў Беларусі», – адзначае Наталля Сацункевіч.

Затрыманні ў Беларусі працягваюцца і сёння. Прынамсі дваіх удзельнікаў ланцуга салідарнасці затрымалі ў Горадні.

«Адно патрабаванне, мы хочам, каб была змяняемасць улады і скончыўся гвалт».

«Стаміліся баяцца. – Ці можна мірнымі акцыямі дамагчыся пераменаў? – Я думаю што можна. Трэба трымацца адзін аднаго!», – кажуць гарадзенцы, удзельнікі ланцугу салідарнасці.

Ціск жа на актывістаў працягваецца не толькі падчас акцыяў. У Менску затрымалі чальца прэзідыуму каардынацыйнай рады Лілію Уласаву, у Гомлі – чальца Рады Васіля Палякова, а таксама арыштавалі на 10 содняў удзельніка прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Няпомняшчых. У Салігорску аднаго з лідараў стачачнага камітэту «Беларуськалію», Анатоля Бокуна, пакаралі 15 соднямі арышту.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»