Аб'ектыў 13.06.2017 «Арыштавалі, а потым пачалі думаць». Як КДБ абслугоўвае Лукашэнку


Валеры Вакульчык «не ведае», ці будзе суд па «справе патрыётаў» («справе Белага легіёну»).

Сёння старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў, што пакуль рана казаць, ці дойдзе справа да суда. Паводле Вакульчыка, следства «аб’ектыўна разбіраецца ў справе».

«Калі няма доказаў, нават калі ёсць асабістае перакананне ў следчага ці ў мяне, як кіраўніка, то мы не прымаем нейкіх захадаў. Бо ёсць закон і мусіць быць справядлівасць. Каб кожны, хто праходзіць па крымінальнай справе, разумеў, што з ім паступілі справядліва. Тады я гляджу яму ў вочы наўпрост», – кажа Вакульчык.

Паводле галоўнага КДБ-шніка, абвінавачанні ў катаваннях арыштантаў – няпраўда. Таксама Вакульчык сцвердзіў, што былы актывіст «Белага Легіёну» Міраслаў Лазоўскі, які цяпер у ізалятары КДБ, не абавязкова – лідар злачыннай групоўкі, але ўзброенасць і арганізаванасць у справе нібыта ёсць.

«Гэтыя няпэўныя фармулёўкі, якія ўжываў Вакульчык, у чарговы раз сведчаць, што няма ніякай доказнай базы па тых людзях, якіх арыштоўвалі», – лічыць Зміцер Дашкевіч, былы фігурант справы, якога з СІЗА КДБ выпусцілі 15 красавіка.

Пасля выхаду са следчага ізалятара ён атрымаў пасведчанне аб спыненні следства супраць яго.

Адсядзелі без віны

Арышты па крымінальнай справе аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання распачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнка аб спансаваных Захадам баевіках, якія рыхтуюць крывавую правакацыю, каб падарваць стабільнасць у Беларусі. У якасці доказаў існавання баевікоў дзяржаўныя медыі паказвалі аператыўныя кадры з вобшукаў у кватэрах, дзе страйкбольныя рэплікі і вучэбныя гранаты называлі баявой зброяй.

Паралельна сілавікі распачалі крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у Менску на 25-га сакавіка, падчас неафіцыйнага святкавання Дня Волі. Для сілавікоў гэта быў спосаб даказаць сваю патрэбнасць, звяртаюць увагу адмыслоўцы, – маўляў, не дарма такія заробкі маюць.

«Гэта была палітычная замова. Сілавікі яе выканалі. Выканалі з задавальненнем, і як умеюць», – лічыць Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода».

Але беспарадкаў, як і лагераў баевікоў у беларускіх лясах, не было.

«Лукашэнка нешта ляпнуў пра дзясяткі бандытаў, тут жа паарыштоўвалі ўсіх, каго маглі, а потым ужо пачалі думаць: што інкрымінаваць, дзе сабраць доказную базу, як знайсці. Атрымліваецца, што ў нашым выпадку – маладафронтаўцаў, якіх вызвалялі, проста адсядзелі людзі без аніякай віны», – кажа Дашкевіч.

Цяпер за кратамі застаюцца 14 фігурантаў справы.

На думку Віталя Цыганкова, тое, ці трапяць яны пад суд – будзе вырашаць Лукашэнка, які на думку Цыганкова, «будзе прыслухоўвацца да унутры- і вонкавапалітычных матываў».

Яраслаў Сцешык

Глядзі таксама
Каментары