Аб'ектыў 22.12.2018 «Арт Сядзібе» – 7!


Да сямігоддзя – 7 імпрэзаў: адбылося чарговае мерапрыемства да дня народзінаў «Арт Сядзібы», гэтым разам паэтычнае.

Быў рок-канцэрт, адмысловая сустрэча «Беларускамоўных». Сёння любімую грамадскую прастору віншавалі паэты ў «Корпусе 8», на адной з пляцовак заводу «Гарызонт». Тут жа, у будынку побач, 7 гадоў таму «Арт Сядзіба» рабіла свае першыя крокі.

Павел Белавус, Symbal.by, стваральнік «Арт Сядзібы»: «У нас была задача стварыць месца, дзе кожны жадаючы, хто захацеў правесці мерапрыемства без нейкіх адміністрацыйных працэдур, без гастролек, такое месца сапраўды вольнае для людзей, якія хочуць арганізаваць нешта самі ці прыйсці на мерапрыемства, якое нехта зрабіў».

У «Гарызонце» «Арт Сядзіба» праіснавала каля года, пакуль іх настойліва не папрасілі пакінуць памяшканне. І далей на некалькі гадоў расцягнулася прыгода з цэлым шэрагам пераездаў з пошукамі новага дому.

Мікіта Броўка, Symbal.by, былы каардынатар «Арт Сядзібы»: «Мы заўсёды былі цалкам незалежнымі ў сваёй дзейнасці. А на той момант была актуальная тэма забароны выступаў беларускіх музыкаў у Беларусі, тут жа. А мы пазіцыянавалі сябе як вольная культурная пляцоўка, свабодная, і ў нас мог выступіць хто заўгодна, незалежна ад таго, як да яго ставяцца ўлады».

Вышымайкі, стужкі з арнаментам, БНР-100, «Беларускамоўныя», спектаклі «Францішак» і «Браніслаў», Калядныя ялінкі – гэта ўсё праекты артсядзібаўцаў. А пасля паспяховага праекту святкавання БНР-100, пляцоўка плануе з не меншым размахам адзначыць і БНР-101, ужо абвешчаная адмысловая краўдфандынгавая кампанія.

Бася, «Арт Сядзіба»: «Мы запрашаем музыкаў паэтаў, прадавачак, хірургаў, людзей абсалютна розных прафесіяў, і яны расказваюць, як і чаму яны пачалі размаўляць па-беларуску. Такім чынам мы хочам паказаць, што ў кожнага свой шлях да мовы, мы хочам натхніць людзей».

Паводле экс-дырэктара Паўла Белавуса, «Арт Сядзібу» можна з упэўненасцю назваць першапраходцам. Калі 7 гадоў таму такая ініцыятыва патрабавала смеласці, то сёння, калі перашкодаў з боку ўладаў паменела, грамадскія патрыятычныя ініцыятывы ўжо гэтак не здзіўляюць, затое цешаць, як і раней.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»

Фота вокладкі – vk.com/siadziba

Глядзі таксама
Каментары