Арменія на парозе рэвалюцыі


Тысячы людзей на вуліцах. Армянская апазіцыя кажа пра аксамітную рэвалюцыю. Улады ў адказ выстаўляюць узмоцненыя нарады паліцыі. У хаду ідуць не толькі лозунгі, але і кулакі, ды нават слезацечны газ. Каля васьмідзесяці чалавек затрыманыя ў Ерэване. Нягледзячы на напружаную сітуацыю Нацыянальны Сход падліваю алею ў агонь і абірае экс-прэзідэнта Сержа Саргсьяна прэм’ерам Арменіі.

Слезацечныя гранаты, калючы дрот, сутычкі з паліцыяй і затрыманні. Ерэван як поле бою.

Удзельнікі пратэстаў кажуць:

«Рэвалюцыя адбудзецца тады, калі паліцыя далучыцца да людзей. Але цяпер мы бачым, што працэс распачаўся».

«Гэта выключна мірны пратэст. Палова насельніцтва, мяркую, тут. Гэта азначае, што ўрад не ёсць больш легітымным. А мы патрабуем новага ўраду і парламенту».

«Улады абсалютна глухія да рэальных пытанняў у краіне, да рэальных інтарэсаў грамадства. Міністэрскія пасады займаюць людзі, якія правалілі сваю працу», – кажа Рубэн Мэгрэбʼян з Армянскага інстытута міжнародных дачыненняў і бяспекі.

Але зноў хочуць займаць свае пасады.

Новым прэзідэнтам афіцыйна на мінулым тыдні стаў Армэн Саргсьян. А вось былы кіраўнік краіны Сэрж Саргсьян не пажадаў знікаць з палітыкі ды захацеў на пасаду прэмʼера. Людзі выйшлі на вуліцы.

«Так, ідуць рэформы, але яны недастатковыя. Няма такой барацьбы з карупцыяй. Гэтыя акцыі пратэстаў – яны рэгулярна будуць. Сёння гэта палітычныя лозунгі, заўтра – сацыяльна-эканамічныя. Гэта ўласціва Арменіі: людзі не баяцца выходзіць», – мяркуе палітычны аглядальнік Айк Галат’ян.

А апазіцыйны лідар Нікол Пашыньян увогуле кажа пра пачатак аксамітнае рэвалюцыі.

«Па ўсёй рэспубліцы праходзяць акцыі пратэсту, страйкі, блакуюцца вуліцы. У Арменіі склалася рэвалюцыйная сітуацыя», – заявіў лідар апазіцыі Нікол Пашыньян.

Пашыньян заклікаў блакаваць урадавыя будынкі і ладзіць сядзячыя мірныя акцыі.

А ў парламенце за калючым дротам і ўзмоцненай аховай Сэрж Саргсьян казаў пра пераход да парламенцкае рэспублікі, якой ён жа і пакіруе, хоць займаў пасаду прэзідэнта дзесяць гадоў, а да гэтага быў і прэмʼерам, і працаваў на міністэрскіх пасадах з пачатку 90-х.

«Сітуацыя ў пэўнай ступені патавая, але наступнае развіццё яе будзе залежыць ад таго, як сябе будуць паводзіць улады, а таксама, як сябе будзе паводзіць апазіцыя. У грамадстве высокая запатрабаванасць пераменаў, але ў той жа час гаварыць пра рэвалюцыйную сітуацыю ў грамадстве не выпадае. Ва ўсялякім выпадку, у сітуацыі на дадзены момант», – адзначыў Рубэн Мэграб’ян.

На сённяшні вечар апазіцыя заклікала пратэстоўцаў прыйсці на плошчу Рэспублікі – галоўнае месца Ерэвану.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Фота – PAN Photo/Karo Sahakyan/Handout via REUTERS