Аб'ектыў 03.11.2019 Арганізатары шэсця ў Курапаты не будуць плаціць міліцыі «за ахову»


Адказны сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі заяўляе, што рахунак за міліцэйскае суправаджэнне – антыканстытуцыйны.

32-ы год запар менчукі выйшлі ў Дзяды на шэсце ў Курапаты – месца, дзе ў трыццатых гадах НКВД масава расстрэльвала нашых землякоў. Сёлета на жалобным шэсці гучалі і антыкрамлёўскія лозунгі, бо як сказаў адзін з удзельнікаў, «Курапаты – гэта і быў вынік тагачаснай інтэграцыі з Расеяй».

«Трыццаць гадоў таму нацыянальны рух пачаўся менавіта з шэсця на Дзяды, хаця б з гэтай прычыны варта кожны год на Дзяды выходзіць», – заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Менавіта гэтак робіць сям’я жыхаркі Менску Ніны Філіпавай.

«Гэта, нашая гісторыя, нашыя продкі, нашая памяць, мы з іх выходзім, далей з гэтым ідзем і перадаваць будзем нашым дзецям. Каб хаця б тут прайсціся разам, каб была салідарнасць, якой нам беларусам вельмі-вельмі не хапае», – кажа Ніна Філіпава, удзельніца шэсця.

З маленькім сынам з Полацку на шэсце ў сталіцу прыехаў Іван Пранік.

«Я сюды прыходжу, каб паказаць, што для мяне важны гэты дзень, дзень памяці, рэпрэсіяў, таму ідзем у Курапаты», – кажа мужчына.

Акрамя ўшаноўвання продкаў ёсць і яшчэ адна прычына, якая лучыць удзельнікаў шэсця.

«Прайсці пад сваймі сцягамі, якія былі ў нас, бел-чырвона-белыя. Я лічу, што такія акцыі патрэбныя ў цяперашнім грамадстве», – кажа жыхар Менску Віталь Бандарэнка.

Сёлета сталічнымі вуліцамі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, крыжамі ды транспарантамі, а таксама пад пільным наглядам людзей у цывільным, прайшлі каля 250 чалавек.

«Вы паглядзіце, колькі людзей прыйшло ў гэтай сітуацыі, вялікая падзяка гэтым людзям, я вельмі ўсцешана, што і ў мінулым годзе і сёлета і летась, прыходзяць людзі нягледзячы на гэтыя нядобрыя пасылы з боку дзяржавы», – кажа намеснік старшыні КХП БНФ Юрый Беленькі, арганізатар акцыі.

Пасля таго, як калона прыйшла ў Курапаты, распачаўся мітынг.

Яго ўдзельнікі ўшанавалі памяць тысяч беларусаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

На мітынгу акрамя традыцыйных воклічаў гучалі і вострыя словы пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.

«Галоўная пагроза ідзе нашай незалежнасці, а значыць і магчымасці новых Курапатаў».

За сённяшнюю санкцыянаваную акцыю ўлады паспрабавалі выставіць арганізатарам рахунак за міліцэйскае суправаджэнне.

«Плаціць не будзем. Гэта антыканстутыцыйна і антызаконна. Каб плаціць за тое, каб прыйсці і ўшанаваць памяць нявінна забітых людзей?» – кажа адказны сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Мітынг скончыўся без эксцэсаў, але затрымалі ўдзельнікаў Курапацкай варты. Сярод затрыманых – кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч, а таксама актывісты Валер Рабцаў, Дзяніс і Максім Урбановічы, Іларыён Трусаў, Віталь Трагубаў. Пазней стала вядома, што Урбановіча збілі, ён мае праблемы з шыяй.

Вольга Старасціна

Глядзі таксама
Каментары