Арганізатары не дамовіліся паміж сабою. БНР-101 адзначым у розных частках краіны – Горадні і Менску


«Масаваму святкаванню Дня Волі ў Менску быць!» – заявілі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы ўрачыстасцяў на 101-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пляцоўка, праўда, не настолькі цэнтральная, як летась. Сёлета – Кіеўскі сквер.

Святочны канцэрт з удзелам вядомых беларускіх гуртоў пачнецца ў нядзелю, 24 сакавіка, а 13 гадзіне. Анансавалі сёння на прэсавай канферэнцыі прадстаўнікі руху «За свабоду», Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Аднак пакуль спісу выступоўцаў не агучваюць.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За Свабоду», распавядае:

«Станоўчы вынік – гэта прыход любой колькасці людзей. І наш абавязак – даць ім магчымасць сабрацца легальна і бяспечна. Аднак мы разлічваем, што гэта будуць тысячы ўдзельнікаў».

Арганізатары менскага святкавання не збіраюцца адмаўляцца і ад урачыстасцяў беспасярэдне ў Дзень Волі. Аднак падаюць іх не як масавую імпрэзу, а як шпацыр прыватных асобаў а 18:30 25-га сакавіка ад Кастрычніцкай плошчы да Валадарскага 9 – месца, дзе абвесцілі незалежнасць БНР.

«25 сакавіка – гэта маё асабістае перакананне – я як грамадзянін намераны яго правесці такім чынам: з Кастрычніцкай плошчы дайсці да Валадарскага і пакласці кветкі», – кажа Мікалай Казлоў, лідар АГП.

Аднак нават пры такім фармаце святкавання лагоднага стаўлення ўладаў арганізатары не чакаюць.

«Мы прыблізна ведаем па мінулых мерапрыемствах, што яны могуць ужыць любыя дзеянні, хоць перад пад’ездам затрымліваць», – мяркуе Мікалай Казлоў, лідар АГП.

У Горадні 23 сакавіка канцэрт з нагоды Дня Волі арганізоўвае кампанія БНР-101. На імпрэзе выступяць Лявон Вольскі, «Дай Дарогу», «Дзецюкі», «Крама» ды іншыя. Канцэрт арганізатары перанеслі ў Горадню пасля таго, як ім адмовілі ўва ўсіх пляцоўках, якія яны прасілі ў Менску: стадыён «Дынама», плошча Свабоды, месцы ля Опернага тэатру і Палацу спорту. Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД:

«Некаторыя вырашылі згуляць у сваю гульню, згуляць асобна. Згуляць на тым, што яны менш радыкальныя, і папрасіцца ва ўлады, каб ім дазволілі толькі таму, што яны не робяць несанкцыянаваных мерапрыемстваў, каб ім дазволілі вялікае мерапрыемства ў цэнтры гораду, гэтага не атрымалася. Гэта ніколі не спрацоўвае. Беларускія ўлады тых, хто ідзе шляхам падлізвання, заўсёды адштурхоўваюць».

На меркаванне адмыслоўцаў, улады ў прынцыпе не робяць адрозненняў паміж палітызаванымі і непалітызаванымі святкаваннямі 25 сакавіка. Кіраўнік краіны сам на гэтак званай вялікай размове акрэсліў усіх арганізатараў як апазіцыю.

«У нашай сітуацыі нацыянальна афарбаваныя святы, сімвалы адмыслова з’яўляюцца палітычнымі. Палітычныя святы, палітычныя мерапрыемствы, палітычныя значкі і стужачкі. Гэта прыкмета недататалітарнай дзяржавы», – кажа філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Калі ж хтосьці пастановіць адзначыць свята ў прыватным парадку, кампанія БНР-101 прапаноўвае 25 сакавіка прынесці кветкі на Валадарскага 9 і а 21 гадзіне запусціць феерверк.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu