Аб'ектыў 11.11.2019 Арганізатар страйку студэнтаў у Менску: «Сабралася вельмі шмат чалавек»


Студэнты Менскага інавацыйнага ўніверсітэту пачалі забастоўку. Прычына – не працягненне акрэдытацыі на 5 ключавых спецыяльнасцях: правазнаўства, эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве, праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогіяў, транспартная лагістыка і псіхалогія.

Арганізатар пратэсту студэнт Фёдар Багданаў наракае на несправядлівасць у дачыненні ягонае Альма-матэр:

«Сабралася шмат чалавек, вельмі шмат, я, шчыра кажучы, думаў, што будзе меней. Студэнты розных спецыяльнасцяў. Сабраліся, сказалі сваю пазіцыю, як яны бачаць гэтую сітуацыю. Вельмі перадузята да нас паставіліся, як я лічу».

Кожныя 5 гадоў прыватныя навучальныя ўстановы мусяць праходзіць акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі. Кіраўнік Менскага інавацыйнага ўніверсітэту кажа, што прэтэнзіі да іх з боку Мінадукацыі не былі дакладна акрэсленыя.

«Прыйшла камісія, праверыла наш універсітэт і зрабіла заключэнне. Заключэнне пацвердзіла наш від універсітэту, 2 спецыяльнасці акрэдытавалі, на якіх вучыцца каля 140 студэнтаў. А тыя 5 спецыяльнасцяў, на якіх вучылася каля 93 % студэнтаў, не акрэдытавалі без тлумачэння прычынаў», – гаворыць Мікалай Суша.

Паводле рэктара, на правяраннях ведаў студэнтаў, якія ладзіліся Міністэрствам адукацыі, навучэнцы Менскага інавацыйнага ўніверсітэту паказалі высокія вынікі. Напрыклад, больш за 90 % студэнтаў спецыяльнасці «правазнаўства» здалі гэты іспыт. Пры афіцыйным дазволеным мінімуме 60 %.

«Нам не далі аніякіх тлумачэнняў, чаму нас не акрэдытавалі, бо вынікі мы паказалі найлепшыя».

«Натуральна, людзі выказваліся супраць закрыцця ўніверсітэту. Людзі лічаць, што закрываць яго – несправядліва, і падставаў для гэта сапраўды няма», – распавядаюць студэнты МІУ.

Студэнты не згодныя як мінімум з тым, што іх хочуць перавесці ў іншыя дзяржаўныя ВНУ, ды ім давядзецца даздаваць процьму прадметаў.

«Мне здаецца, гэта вельмі вялікі штуршок для грамадства, каб задумацца, што ўсё ж існуюць студэнцкія праблемы ў нас, і іх неяк трэба развязваць. Іх дастаткова паўсюль, ува ўсіх універсітэтах. І вось дакладны прэцэдэнт, які толькі што здарыўся», – кажа прадстаўнік Задзіночання беларускіх студэнтаў Сяржук Дубіна.

Студэнты Менскага інавацыйнага ўніверсітэту падкрэсліваюць, што страйк – выключна іхная ініцыятыва, адміністрацыя навучальнай установы аб пратэстах нікога не прасіла. Адміністрацыя збіраецца абскарджваць вынікі камісіі Міністэрства адукацыі. А сам вучэбны працэс ва ўніверсітэце адновіцца ўжо заўтра.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Забастоўка, якая перарасла ў мітынг. Студэнты МІУ пратэстуюць супраць пазбаўлення акрэдытацыі

Глядзі таксама
Каментары