Апублікаванае новае відэа з катаваннямі затрыманых у пастарунку


Новае шакавальнае відэа з катаваннямі і здзекамі міліцыянтаў над затрыманымі апублікавала ініцыятыва ««By_Pol».

Гэтае службовае відэа запісалі 12-га жніўня ў Фрунзенскім РУУС. Там добра бачна, як людзей, што не могуць нічога зрабіць, жорстка збіваюць, абражаюць і прымушаюць рабіць паскудныя рэчы, каб задушыць маральна. Некаторых садыстаў у пагонах ужо ідэнтыфікавалі.

12-га жніўня. Спартовы зал Фрунзенскага РУУС Менску. Дзясяткі затрыманых у кайданках на падлозе або на каленях тварам у падлогу. Кагосьці моцна збіваюць. Некаторых сілавікоў удалося ідэнтыфікаваць. Гэта старэйшы інспектар Ліліяна Жылянкова.

Ініцыятыва «By_Pol» створаная былымі работнікамі сілавых ведамстваў, якія адмовіліся працаваць на рэжым Лукашэнкі. Ініцыятыва ўжо звярнулася ў Следчы камітэт з патрабаваннем неадкладна распачаць крымінальную справу і забяспечыць усебаковае, поўнае ды аб’ектыўнае расследаванне гвалту з боку сілавікоў.

Але брутальныя дзеянні сілавікоў відавочныя ня ўсім. Сярод такіх асобаў і старшыня Камітэту дзяржбяспекі Іван Церцель, які напярэдадні наведаў прадпрыемства «Горадня Азот».

«Таварыш Тараўноўскі ці Тарайкоўскі ў Менску загінуў. Але хто бачыў гэтыя здымкі – бачыў, што чалавек стаіць перад АМАПам, выйшаў – і нахабна стаіць перад міліцыяй. Ён стаіць мэтанакіравана», – цытуе Івана Церцеля газета «Наша ніва».

Па фактах забойстваў Аляксандра Тарайкоўскага і Рамана Бандарэнкі крымінальныя справы да сёння не распачатыя. Няма ніводнай крымінальнай справы і па скаргах пацярпелых ад катаванняў ды здзекаў сілавікоў.

Між тым, на беларускім Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале зʼявілася пагадненне аб супрацы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі і Нацыянальнай гвардыі Расеі. Эксперты запэўніваюць: папера носіць выключна фармальны характар.

Непакоіць іншае.

«На мінулым тыдні Лукашэнка фактычна ўхваліў новы план выкарыстання сумеснай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Туды ўваходзяць не толькі вайсковыя адзінкі, а таксама нашыя ўнутраныя войскі і расейская Нацгвардыя», – адзначае кіраўнік праекту «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў.

Паводле эксперта, дакумент засакрэчаны. Таму не выключаюць, што ў ім прапісаны пэўны план выкарыстання расейскіх сілавікоў у выпадку закалотаў у Беларусі.

Ігар Станкевіч, belsat.eu