Аптэкі мяняюць цэннікі


Журналісты таксама людзі, і яны таксама ходзяць у аптэкі. І калі заўважаюць пэўныя рэчы, то публічна пра іх распавядаюць.

Карэспандэнтка «Белсату» праз медычныя паказнікі, як, дарэчы, і шмат хто з аматараў кавы, мусіць піць магній у павялічаных дозах:

«Гэтага хапае на 8 дзён. І каштуе гэта 26,50 са зніжкай, а месяц таму я набывала за 30. І самае цікавае, што ў бліжэйшых краінах-суседках гэты прэпарат каштуе ў некалькі разоў танней».

У Польшчы прэпарат магнію з вітамінам В6 каштуе пры канвертацыі крыху больш за восем беларускіх рублёў. Чаму ж беларусы пераплачваюць?

«Адсутнічае канкурэнцыя, адсутнічае альтэрнатыва, адсутнічае магчымасць пастаўкі праз іншыя каналы. Гэты рынак вельмі манапалізаваны, занадта зарэгуляваны, вельмі карумпаваны, усё гэта адбіваецца на кошце, і атрымліваецца такі кошт, які ёсць», – пералічвае фактары эканаміст Сяргей Балыкін.

Але ўжо з лютага будуць… яшчэ вышэйшыя кошты на імпартныя лекі – прынамсі, на 10 % – на столькі ўлады паднялі стаўкі падатку на дададзеную вартасць на ўвезеныя медычныя тавары.

«Не радуе, бо і так лекі дарагія. Магу сказаць, што ў Расеі яны нашмат таннейшыя».

«Змірыцца давядзецца. На 10, а магло і на 20. А што тут зробіш?»

«Вельмі засмучае. Больш каментароў няма».

«Людзі хварэюць, спажываюць шмат лекаў, і не хацелася б, каб кошты падымаліся, заробкі ж у нас не растуць», – гэтак рэагуюць на падаражэнне лекаў жыхары Магілёва.

Падаражэюць і беларускія прэпараты, бо на 20 % узнялі ПДВ на імпартную сыравіну і камплектныя вырабы.

«На жаль, нам давядзецца абмежаваць пэўны спектр лекаў, будуць не ў поўнай меры ўсе неабходныя лекі, а толькі часткова, і гэта можа пасля адбівацца на хранічных захворваннях, усплёск якіх магчымы праз некалькі гадоў. Людзі не змогуць да канца лячыцца, гэта пяройдзе ў хранічную форму, і пачнуцца хранічныя захворванні», – адзначае рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Адмыслоўцы прагназуюць, што ўздымуцца кошты і на паслугі медычных цэнтраў, бо шмат у якіх працэдурах выкарыстоўваюцца замежныя медычныя вырабы. Медыкі асцерагаюцца, што шмат для каго стануцца недасяжныя дарагія даследаванні.

«Магнітна-рэзанансная тамаграфія, рэнтгена-камп’ютарная тамаграфія, якія не кожная дзяржаўная ўстанова можа дазволіць сабе, такія даследаванні, таму ствараюцца чэргі на неабмежаваны час на гэтыя даследаванні», – кажа Уладзімір Пруднікаў, трансфузіёлаг, дзіцячы хірург.

А менавіта гэтыя працэдуры важныя для высвятлення дыягназаў.

«Хутчэй за ўсё мы атрымаем недастатковую дыягностыку анкалагічных захворванняў, і гэта ўжо будзе на больш позніх стадыях, чым цяпер. На ранніх хваробу яшчэ можна вылекаваць. Таксама будуць сабе адмаўляць у аналізах, якія маглі б сабе дазволіць раз на год, а будуць рабіць раз на 2–3 гады, гэта таксама адаб’ецца на хранічных хваробах, якія будуць прагрэсаваць», – апасаецца рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Таму дактары раяць паспець зрабіць абследаванні да падаражэння, а аптэкары людзям з хранічнымі хваробамі раяць набыць лекі цяпер – за старыя кошты.

Вольга Старасціна, belsat.eu