Апошняе нарвежскае папярэджанне


Беларусь можа страціць мільярды долараў. Еўрапейскія кампаніі-партнёры не заплюшчваюць вочы на праблемы з дэмакратыяй у нашай краіне. Гэтак супраць пераследу працоўных і агулам рэпрэсіяў выступіла нарвежская кампанія YARA – найбуйнейшы пакупнік беларускіх калійных угнаенняў.

У жніўні пасля выбараў па Салігорску ездзілі мікрааўтобусы без нумароў, і амапаўцы білі ўсіх, хто трапіўся пад руку. Шахцёры забаставалі, кіраўніцтва «Беларуськалію» паабяцала дыялог – і рэпрэсіі сталіся кропкавымі, супраць самых актыўных рабочых. Цяпер спецназ разганяе акцыі пратэсту – масавыя ці дробныя, а «чырвоныя» дырэктары звальняюць тых, хто карыстаецца правам на забастоўку. Сітуацыя з правамі чалавека на «Беларуськаліі» ды агулам у Беларусі не палепшылася – з такой рэзкай заявай выступіў сёння генеральны дырэктар нарвежскае кампаніі Yara, найбуйнейшага ў свеце пакупніка калійных угнаенняў.

«Цяперашняя сітуацыя непрымальная для кампаніі Yara. Я вельмі дакладна выказаў нашую пазіцыю ў размовах з шэрагам зацікаўленых асобаў, у тым ліку – з амбасадарам Беларусі ў Скандынавіі Дзмітрыем Мірончыкам. Мы мусім пабачыць неадкладнае і істотнае паляпшэнне ўмоваў, стаўлення да рабочых «Беларуськалію», спыненне рэпрэсіяў, гэтаксама як і паляпшэнне ўмоваў працы», – заявіў Свэйн Турэ Гольсэтэр.

У верасні Свэйн Гольсэтэр асабіста ездзіў у Салігорск патлумачыць кіраўніцтву «Беларуськалію», што для кампаніі вельмі важныя этычныя паводзіны партнёраў.

Калі нарвежская кампанія адмовіцца ад беларускае калійнае солі, каб не мець справаў з дыктатураю, яе прыклад могуць узяць за ўзор і іншыя еўрапейскія кампаніі. Угнаенні, нафта і нафтапрадукты – гэта не штосьці ўнікальнае на сусветным рынку, падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

«Беларусь страціць 3-4 мільярды долараў, гэта будзе стрэл па беларускай эканоміцы, па валютнай выручцы, стане бюджэту і планах уладаў Беларусі, так што амапізацыі беларускае гаспадаркі не адбудзецца. Мы маем ОМОНізацыю палітыкі, заканадаўства», – тлумачыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Паводле эканаміста, цяпер 18% усяго беларускага экспарту – гэта краіны Еўразвязу, а нядаўна была траціна (33%). І першакрыніцаю ўсіх санкцыяў, сыходу інвестараў і разрыву гандлёвых стасункаў эксперты называюць Аляксандра Лукашэнку, які абнуліў закон і парадак у Беларусі.

«Ён цяпер не баіцца заходняга ціску, ён сам абвастрае сітуацыю і спальвае масты з заходнімі краінамі», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Учора рэзалюцыю ў справе Беларусі прыняла Рада правоў чалавека ААН, да дыялогу з грамадзянамі Лукашэнку заклікалі 37 краінаў АБСЕ, а сёння спецпрадстаўнік Еўразвязу ў пытанні правоў чалавека Эман Гілмор не выключыў, што рэпрэсіямі ў Беларусі можа заняцца міжнародны трыбунал. А вось адключэнне беларускіх банкаў ад сістэмы хуткага пераводу грошай SWIFT у цяперашніх умовах можа ўдарыць хутчэй па дэмакратыі, чым па дыктатуры.

«Цэнтральны банк Расеі і ўрад на працягу месяца скажуць: давайце, сябры, у нашую сістэму, у нас усё ёсць – альтэрнатыўны інтэрнэт, альтэрнатыўныя плацежныя сістэмы. Толькі навошта вам беларускі рубель? Навошта вам нейкая асобная вонкавая палітыка?» – прагназуе Яраслаў Раманчук.

Цяпер у Лукашэнкі, па сутнасці, застаўся адзін саюзнік.

«Тое, што Расея прынамсі на афіцыйным узроўні падтрымлівае Лукашэнку – гэта моцны чыннік падтрымання рэжыму, які ўплывае на беларускую наменклатуру», – мяркуе Валерый Карбалевіч.

Але ўсе эксперты, апытаныя «Белсатам», згодныя, што наймацнейшая фігура на палітычным полі Беларусі – беларускі народ.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!