Апошнія падлікі Цэнтрвыбаркаму


Больш за 150 тысяч. Менавіта столькі каманда Лідзіі Ярмошынай налічыла подпісаў, здадзеных за вылучэнне Ганны Канапацкай кандыдаткай на прэзідэнта.

Іншаму патэнцыйнаму кандыдату – Сяргею Чэрачню – налічылі амаль 150 тысяч подпісаў, Святлане Ціханоўскай – амаль 109 з паловай тысяч, Андрэю Дзмітрыеву – больш за 110 тысячаў, Валерыю Цапкалу – крыху больш за 158 тысяч. У апошняга прынялі ў выніку толькі 75 тысяч. Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў ужо заявіў, што ў выпадку нерэгістрацыі кандыдатам ён мае іншыя сцэнары ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Валерый Цапкала, патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва:

«Калі ўмоўна ў спісе застаецца Святлана Ціханоўская і Віктар Бабарыка, а нас не акажацца ў спісе, то я буду агітаваць за Святлану і Віктара».

А можа, усім альтэрнатыўным кандыдатам варта зняцца з выбараў, каб у бюлетэнях застаўся толькі адзін кандыдат – Лукашэнка? З гэткім пытаннем мы звярнуліся да саміх выбарнікаў. Жыхары Бабруйску:

«У кожнага чалавека ёсць такое права, кожны можа вырашыць, але я лічу, што варта спрабаваць ісці да канца».

«Па праўдзе кажучы, я лічу, што трэба зняцца. Бо Лукашэнка самы лепшы».

«Гэта тады не прэзідэнцкія выбары, а выбары караля, груба кажучы».

«Яны мусяць абʼяднацца, і будучыня, напэўна, за новым».

«Хай бʼюцца да канца. Можа, гэта да лепшага прывядзе».

«Яны і так зрабілі ўжо шмат. Бо наважыліся на гэта».

Аднак калі ў спісе і зʼявяцца альтэрнатыўныя кандыдаты, весці перадвыбарчую вулічную агітацыю за іх будзе не так і лёгка. Гэтак, на двухмільённую сталіцу з гэтай мэтай вылучылі толькі 6 месцаў, і ўсе яны – у парках і скверах, далёкіх ад цэнтру гораду. З рашэннем Менскага гарвыканкаму не згодны адзін з патэнцыйных кандыдатаў Андрэй Дзмітрыеў, які вырашыў дабівацца ягонай адмены праз суд.

«Цягам некалькіх дзён мы пададзім скаргі па ўсёй Беларусі. Бо мы, да прыкладу, знайшлі гарады, дзе ўвогуле не вызначаныя месцы для агітацыі. Вось Фаніпаль, ёсць месца ў Дзяржынску, але калі ты хочаш паехаць у Вілейку ці Фаніпаль, такіх месцаў увогуле няма», – кажа Андрэй Дзмітрыеў, патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва.

Паводле прадстаўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», рэзкае абмежаванне месцаў для агітацыі – нават у параўнанні з мінулымі кампаніямі – сурʼёзна абмяжоўвае правы як патэнцыйных кандыдатаў, гэтак і выбарнікаў. Ці азначае гэта, што грамадская актыўнасць пойдзе на спад, а цікавасць самых беларусаў да выбараў упадзе?

«Нас чакаюць невялічкія перадвыбарчыя сходы, на якія, тым не менш, на сённяшні момант палітызацыі, сотні людзей прыйдуць. Але гэта не будуць шматтысячныя акцыі, якія былі, да прыкладу, у 1996 ці ў 2010 годзе», – лічыць Юрый Чавусаў, палітолаг.

Калі ж хтосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў паспрабуе правесці масавы сход у не вызначаным для гэтага месцы, улады, падкрэслівае эксперт, пусцяць у ход звыклы для такіх сітуацыяў сцэнар.

Віталь Бабін, «Белсат»

Фота: Вячаслаў Лазараў / belsat.eu