Апошні дзень збору подпісаў


Збор подпісаў актывісты бальшыні ініцыятыўных групаў завяршылі яшчэ напярэдадні, а ў апошні дзень пра зняцце сваёй кандыдатуры з далейшага ўдзелу заявіў адзін з удзельнікаў гэтай часткі выбарчай кампаніі Алесь Таболіч. Ён сумленна прызнаў: неабходныя сто тысяч подпісаў не сабраныя.

«Я здымаю сваю кандыдатуру, бо бачу, што гэтая палітычная гульня не для мяне. Тыя людзі, якія кажуць, што назбіралі па сто тысяч галасоў, – я не буду называць іх прозвішчаў, вы і так іх ведаеце, – гэта іхнае сумленне, а маё сумленне – гэта маё», – кажа Алесь Таболіч.

Пра пераадоленне мяжы сто тысяч галасоў заявіла былая дэпутатка Ганна Канапацкая, адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Сяргей Чэрачэнь, стваральнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала, беспрацоўная Святлана Ціханоўская. Спраўдзіць заяўленыя лічбы праз грамадскую камісію з удзелам палітыкаў, актывістаў і журналістаў прапанаваў Мікалай Казлоў – яшчэ адзін былы прэтэндэнт на кандыдацтва.

«Гэта важна чаму – таму што Лукашэнка мае патрэбу ў спойлерах. Ён даў каманду рэгістраваць людзей, якія не сабралі гэтых подпісаў. І мы павінныя выяўляць гэтых людзей, якія гэтак згаворваюцца з Лукашэнкам, атрымоўваюць статус кандыдата ў прэзідэнты. А Лукашэнка тым часам чыніць свае рэпрэсіі: ён арыштоўвае Ціханоўскага, Бабарыку, а наступным хутчэй за ўсё будзе Цапкала», – заяўляе Мікалай Казлоў.

У незалежнай Беларусі сёлета праходзіць ужо шостая прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Як галоўную адметнасць адмыслоўцы адзначаюць актыўны ўдзел у ёй грамадзянаў: ад першых дзён да сталоў з подпісамі паўставалі кіламетровыя чэргі ў гарадах і мястэчках па ўсёй краіне.

«Вялізная палітызацыя грамадства, вялізная незадаволенасць грамадства і вялізныя надзеі на перамены. Гэта неспадзявана і для ўладаў, і для традыцыйнай апазіцыі, і для экспертаў. Ну і з’явіліся новыя постаці, з якімі звязаныя надзеі», – кажа палітолаг Валеры Карбалевіч.

Палітызаваная актыўнасць і высокі пратэставы настрой грамадства не засталіся па-за ўвагай уладаў: каля двухсот грамадскіх актывістаў цяпер адбываюць адміністратыўны арышт, распачатыя некалькі крымінальных справаў, у тым ліку – на вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага і аднаго з наймацнейшых канкурэнтаў дзейнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі – Віктара Бабарыку, сістэмна пераследуюць незалежных журналістаў.

«Ніколі такога не было, каб Лукашэнка на этапе збору подпісаў пачаў палеміку са сваімі апанентамі. Гэтым жа разам, падчас кожнага выхаду на публіку ён спрабуе ачарніць сваіх апанентаў. І ніколі такога не было, каб апанентаў прасавалі на самым старце кампаніі. Звычайна ў Беларусі кандыдатаў у прэзідэнты садзяць у турму пасля выбараў. А тут гэты працэс пачаўся да выбараў», – падсумоўвае Валеры Карбалевіч.

Наступны этап прэзідэнцкай выбарчай кампаніі – праверка сабраных подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Галіна Абакунчык, «Белсат»