Апазіцыя яднаецца, расце хваля пратэстаў супраць «інтэграцыйных дамоваў»


«Трэба захаваць суверэнную незалежную дзяржаву» – заявіў Аляксандр Лукашэнка за лічаныя дні да падпісання дамоваў аб беларуска-расейскай інтэграцыі. У той жа час грамадства дагэтуль не праінфармаванае аб дакладным змесце дарожных мапаў.

Непразрыстыя працэсы збліжэння выклікаюць перасцярогі ды супраціў. Лідары грамадскіх арганізацыяў і рухаў заклікаюць людзей выходзіць на пратэсты.

7 снежня апоўдні на галоўнай плошчы сталіцы. Павал Севярынец з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі заклікае беларусаў абараніць незалежнасць у дзень імавернага падпісання інтэграцыйных дакументаў. Магчыма, што акцыя пройдзе без ягонага ўдзелу:

«Заўтра ў мяне іншы суд, адначасна ёсць пратакол з Фрунзенскага райаддзелу «за заклікі» – у нас даюць да 15 содняў. Але дзіўна, што я дагэтуль на свабодзе, бо зазвычай накіроўваюць групу захопу і бяруць».

Арганізаваць акцыю будзе каму, і кола ахвочых наведаць расце, запэўнівае Севярынец. Удзел дэкларуюць праз сацсеткі шараговыя грамадзяне, далучацца таксама чальцы апазіцыйнага лагеру. Сябры Руху Салідарнасці «Разам» пойдуць у першых шэрагах.

«Сапраўды гэта смяротная небяспека, і лепш раз выйсці на вуліцы Менску, чым потым аплакваць сваіх родных, якіх будуць прывозіць з Сірыяў, якіх Пуцін вельмі шмат наробіць у будучыні. Бо калі падпішуць, то сітуацыя ў Беларусі будзе вельмі жорсткая, такая да якой беларусы не прызвычаіліся», – кажа Вячаслаў Сіўчык, Рух Салідарнасці «Разам».

Цягам года прыўрадавыя камісіі вялі ды завяршылі працу над падрыхтоўкаю праграмы дзеянняў па рэалізацыі Саюзнай дамовы. 6 снежня ў Сочы – прэм’еры, 7 і 8 снежня кіраўнікі краінаў маюць падпісаць 31 «дарожную карту» – у эканоміцы, судовай, мытнай, аграрнай, падатковай і нават гуманітарнай галіне…

Грамадскасці невядомы змест пакету. Метадолаг Уладзімір Мацкевіч кажа, што адзіныя акты прадугледжваюць стварэнне наднацыянальных органаў, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Перакананы, што Лукашэнка налета будзе змяняць асноўны закон:

«Зараз у нас да Рэферэндуму па змене Канстытуцыі ніякіх захадаў, што б яны не падпісалі там 8-га (з інтэграцыйных дакументаў – рэд), ніякія захады па паглынанні Беларусі немагчымыя, апроч вайсковай аперацыі, што малаімаверна. У нас ёсць план на гэтыя 9 месяцаў да жніўня».

Да жніўня, бо менавіта тады маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары. Калі ў уладзе будзе патрэба падагнаць Канстытуцыю пад саюзныя дамовы, то рэферэндум прыпадзе на гэты дзень.

Праведзенае Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі даследаванне паказвае, што 49,9 % грамадзянаў не хочуць Саюзнай дзяржавы і паглыбленай інтэграцыі. «ЗА» – выказаліся 36,1 % адсоткаў апытаных. Цягам апошніх 16 гадоў на 15 % вырасла колькасць прыхільнікаў незалежнасці, але ці пойдуць людзі яе абараняць?

«Калі гэтая акцыя будзе законная не будзе рызыкаў… усё што заўгодна».

«Калі быў малады і гарачы – усё было інакш, а калі ёсць сям’я і дзеці – вельмі з гэтым складана».

«Не хочацца правакаваць, і каб некаторым чыноўнікам гэта толькі на руку згуляла. Але з задавальненнем падтрымаю онлайн офлайн», – разважаюць менчукі.

Онлайн на некалькіх платформах збіраюць галасы праціўнікаў інтэграцыі. Сёння да хвалі далучылася Беларуская тэлеграм-супольнасць. Офлайн будзе яшчэ адна акцыя, кажа Уладзімір Мацкевіч:

«Паколькі мы разгарнулі гэтую кампанію за незалежнасць, а Павал Севярынец абвесціў выхад на Плошчу 7-га, то мы без узгаднення, бо з намі не раіліся, вырашылі што гэта варта падтрымаць. Людзі хочуць актыўнага руху, вось і вырашылі, каб троху адрознівацца, зрабіць вось жывы ланцуг».

Апроч удзелу ў вулічных пратэстах, Рух Салідарнасці «Разам», некалькі грамадзянскіх кампаніяў, партыі «Народная грамада» і «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», Абʼяднаная Грамадзянская – амаль усе апазіцыйныя арганізацыі прынялі адпаведныя рэзалюцыі і накіравалі звароты ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота: Lev RadinArchiwu / Zuma Press / Forum